2008-12-31 11:00:34

2008 год у жыцьці Каталіцкага Касьцёла ў сьвеце



Яшчэ раз зірнуць на 2008 год праз прызму падзеяў, значных для жыцця
Каталіцкага Касцёла ва ўсім свеце, прапануем у наступным матэрыяле, дзе
падаём кароткі пералік асноўных падзеяў па тэме.


Падводзячы вынікі 2008 года ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў свеце, можна
вылучыць наступныя найбольш важныя падзеі.


Студзень
В’етнам. Канфлікт паміж Касцёлам і камуністычнымі ўладамі. 25 студзеня была
арыштавана група вернікаў малітоўнага пратэсту ў Ганоі. Католікі патрабавалі
вяртання будынку ранейшай Апостальскай Дэлегатуры, незаконна занятага
мясцовымі ўладамі 30 гадоў таму. 31 студзеня Апостальская Сталіца звярнулася
да в’етнамскіх католікаў з просьбай спынення акцыі, якая можа парушыць
грамадскі парадак.


Люты
Італія. 40-годдзе супольнасці св. Ідзія. 1 лютага ў базыліцы св. Пятра
Дзяржаўны сакратар Папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ цэлебраваў
святую Імшу з гэтай нагоды. У літургіі ўдзельнічала кіраўніцтва супольнасці,
а таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і каля ста каталіцкіх біскупаў з
Італіі і іншых краінаў.


Куба. 20 лютага адбыўся візіт Дзяржаўнага сакратара Папы Бэнэдыкта XVI
кардынала Тарчызіо Бэртонэ, прымеркаваны да 10-й гадавіны апостальскага
падарожжа ў гэтую краіну Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Кардынал сустрэўся з
прэзідэнтам краіны Раулем Кастро, асвяціў помнік Яну Паўлу ІІ, цэлебраваў
святую Імшу.


Сакавік
Арменія/Азербайджан. З 4 па 9 сакавіка кардынал Тарчызіо Бэртонэ знаходзіўся
на Каўказе. 4–6 сакавіка ён наведаў Арменію, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі
ўлады, а таксама Каталікосам-Патрыярхам Усіх Армянаў Гарэгінам ІІ і маліўся
разам з ім. З 6 па 9 сакавіка Дзяржаўны сакратар Папы Бэнэдыкта XVІ
знаходзіўся з візітам у Баку. Кардынал сустрэўся з грамадскімі ўладамі,
узначаліў урачыстасць адкрыцця касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай
Панны Марыі.


Італія. 14 сакавіка ў 88-гадовым узросце памерла К'яра Любіч, заснавальніца
руху «Факаляры». Пахавальную святую Імшу, якая адбылася ў базыліцы св. Паўла
за мурамі, цэлебраваў Дзяржаўны сакратар Папы Бэнэдыкта XVI кардынал
Тарчызіо Бэртонэ.


ЗША. 12 сакавіка кс. Міхал Хеллер, прафесар Папскай тэалагічнай акадэміі ў
Кракаве, стаў лаўрэатам Узнагароды Тэмплтана. Прафесар атрымаў яе за ўклад у
даследаванне духоўнага вымярэння чалавечага жыцця, а таксама наладжванне
сувязяў паміж навукай і рэлігіяй. Узнагароду ў памеры 820-ці тысяч фунтаў
стэрлінгаў з фонду імя Тэмплтана вучоны прызначыў на будову Цэнтра
міждысцыплінарных даследванняў Каперніка ў Кракаве (Польшча).


Красавік
Італія. З 2 па 6 красавіка ў рымскай базыліцы св. Яна на Латэране праходзіў
Першы сусветны апостальскі кангрэс Божай Міласэрнасці. Ініцыятарам сустрэчы
стаў кардынал Крыстаф Шонбарн, арцыбіскуп Венскі. У кангрэсе прыняло ўдзел
каля 7 тысяч чалавек, сярод якіх былі іерархі Каталіцкага Касцёла з усяго
свету.


ЗША. Пад дэвізам «Хрыстус — наша Надзея!» з 15 па 20 красавіка адбылася
пілігрымка Святога Айца ў ЗША. Бэнэдыкт XVI наведаў Нью-Йорк і Вашынгтон.
Пантыфік сустрэўся з прэзідэнтам краіны, цэлебраваў дзве святыя Імшы з
удзелам тысяч вернікаў, выступіў на форуме ААН, сустрэўся з духавенствам,
моладдзю, правёў экуменічную і міжрэлігійную сустрэчы.


Май
Украіна. 24 мая 2008 г. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI
кардынал Тарчызіо Бэртонэ прыбыў у Кіеў, дзе сустрэўся з Вярхоўным
архіепіскапам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы кардыналам Любамірам
Гузарам. Раніцай 25 мая кардынал Бэртонэ прыняў удзел у святой літургіі.
Пасля Эўхарыстыі Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы сустрэўся з
Прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам. 25 мая, ва ўрачыстасць Божага Цела,
кардынал Тарчызіо Бэртонэ цэлебраваў ў катэдральным саборы Кіева святую
Імшу. Пасля кардынал узначаліў працэсію Божага Цела, якая прайшла па вуліцах
Кіева, асвяціў будынак Тэалагічнага інстытута імя св. Тамаша Аквінскага.


Чэрвень
Беларусь. 18 па 22 чэрвеня адбываўся афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь
Дзяржаўнага сакратара Яго Cвятасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо
Бэртонэ. Кардынал наведаў Мінск, Пінск, Гродна. Ён сустрэўся з членамі
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, а таксама з Мітрапалітам Мінскім
і Слуцкім Філарэтам. Найбольш важным палітычным акцэнтам візіту стала
сустрэча з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, які праз кардынала
Бэртонэ запрасіў Святога Айца наведаць Беларусь.


Канада. 5 чэрвеня распачаўся 49 Міжнародны эўхарыстычны кангрэс пад дэвізам
«Эўхарыстыя — Божы дар для жыцця свету». Кангрэс быў прымеркаваны да
400-годдзя заснавання французскімі каланістамі горада Квэбек і 350-годдзя
ўстанаўлення ў ім найстарэйшай ў Паўночнай Амерыцы дыяцэзіі. Міжнародны
эўхарыстычны кангрэс працягваўся да 22 чэрвеня.


Ліпень
Іспанія. З 15 па 18 ліпеня ў Мадрыдзе адбылася канферэнцыя прадстаўнікоў
галоўных рэлігій (хрысціянства, ісламу, юдаізму, індуізму, будызму),
арганізаваная па ініцыятыве караля Саудаўскай Аравіі. Ватыкан прадстаўляў
кардынал Жан-Луі Таран. Напрыканцы канферэнцыі яе ўдзельнікі падпісалі
дэкларацыю, у якой заклікалі да канструктыўнага дыялогу.


Аўстралія. З 15 па 20 ліпеня ў Сіднэі адбыўся XXIII Сусветны дзень моладзі
пад дэвізам «Прымеце моц Святога Духа, які на вас сыдзе, і будзеце Маімі
сведкамі» з удзелам Святога Айца Бэнэдыкта XVI. У сустрэчы прынялі ўдзел
каля 200 тысяч маладых чалавек з 177 краінаў свету. Акрамя сустрэчаў з
Пантыфікам у гэты час ва ўсім свеце праводзіліся катэхезы і адбываўся
Фестываль моладзі. У гэтыя дні ў Беларусі адбылася Міждыяцэзіяльная сустрэча
каталіцкай моладзі ў Івянцы, падчас якіх быў здзейснены тэлемост з Сіднэем.
Папскі візіт у Аўстралію праходзіў таксама пад знакам экуменізму і
міжрэлігійнага дыялогу. Напрыканцы Святы Айцец аб’явіў, што наступны, XXIV
СДМ, адбудзецца ў 2011 годзе ў Мадрыдзе.


Жнівень
Індыя. Пасля забойства 23 жніўня кіраўніка індуізму Свамі Лахамананадзі ў
штаце Арыса (Усходняя Індыя) пачаліся антыхрысціянскія хваляванні. Пад
пагрозай знішчэння аказаліся не толькі хрысціянскія святыні і цэнтры, але
таксама дамы, у якіх жывуць вызнаўцы Хрыста.


Італія. Пад дэвізам «Быць пратаганістамі альбо нікім» з 24 па 30 жніўня ў
Рыміні адбыўся Мітынг сяброўства паміж народамі, традыцыйна арганізаваны
Рухам «Камунія і вызваленне». Акрамя членаў руху у сустрэчы ўдзельнічалі
таксама выдатныя прадстаўнікі Касцёла, грамадскага жыцця, палітыкі, вучоныя,
людзі культуры.


Верасень
Літва. З 6 па 15 верасня ў Шылуве адзначалі ўрачыстасць 400-годдзя аб’яўленняў
Маці Божай. У святой Імшы 14 верасня, якую цэлебраваў кардынал Іаахім
Мейснер з Кёльна, удзельнічала каля 20 тысяч пілігрымаў. Ва ўрачыстасці
прынялі таксама ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш
Кандрусевіч, біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Антоні Дзям’янка, святары,
законнікі і сёстры законныя з Беларусі.


Францыя. 12–15 верасня адбылася пілігрымка Бэнэдыкта XVI у Люрд і Парыж. У
сталіцы Францыі Святы Айцец сустрэўся з Прэзідэнтам краіны Нікаля Сарказі,
духавенствам, дзеячамі культуры, навукі. У Люрдзе Пантыфік цэлебраваў святую
Імшу з нагоды юбілейнага года аб’яўленняў Маці Божай. Пасля ён сустрэўся з
Епіскапатам Францыі, узначаліў працэсію і эўхарыстычную адарацыю з удзелам
тысяч пілігрымаў.


Кастрычнік
Ірак. 7 кастрычніка ў Масуле ісламісты забілі трох хрысціянаў. Узброеныя
групы пранікаюць у кварталы, дзе жывуць хрысціяне, і забіваюць усіх, хто
трапляецца на іх шляху. Іх несумненнай мэтай з’яўляецца пасеяць жах,
спусташаючы горад ад хрысціянаў, якія пасяліліся тут яшчэ ў старажытнасці.
Толькі за кастрычнік было забіта 16 вызнаўцаў Хрыста. З 2003 года каля
трохсот хрысціянаў былі вымушаны пакінуць краіну.


Дэмакратычная рэспубліка Конга. 14 кастрычніка біскупы краіны заклікалі да
міру на мяжы з Руандай, дзе з 28 жніўня не спыняецца барацьба паміж сіламі
ўрада і паўстанцамі. Больш за 1,6 млн. чалавек былі вымушаны пакінуць рэгіён
канфлікту. Гэта найбольш крывавы канфлікт у свеце з часоў Другой сусветнай
вайны: з 1998 па 2003 г. тут загінула каля 5,5 млн. чалавек.


Расія. 27 кастрычніка ў Маскве забіты два іезуіта: а. Отто Мэссмэр і а.
Віктар Бэтанкур. Абодва святары аказвалі актыўную пастырскую дапамогу ў
касцёле святога Людовіка ў Маскве. Святары былі пахаваныя на радзіме: а.
Віктар Бэтанкур ў Эквадоры (Паўднёвая Амерыка), а. Отто Мэссмэр — у
Германіі.


Лістапад
Бельгія. Выклікі сучаснага свету сталі тэмай асенняга пленарнага пасяджэння
Біскупаў Еўропы, якое адбылося 12–14 лістапада ў Бруселі. Біскупы адзначылі,
што фінансавы крызіс выявіў больш глыбокі духоўны крызіс і пераблытаны
парадак вартасцяў у грамадскім жыцці.


Кіпр. У Нікосіі з 16 па 18 лістапада адбылася сустрэча з цыклу «Людзі і
рэлігіі», арганізаваная супольнасцю св. Ідзія. У сталіцу Кіпра з’ехаліся
прадстаўнікі хрысціянства, ісламу, будызму, іудаізму — іерархі, тэолагі,
палітычныя кіраўнікі і грамадскія дзеячы. На пасяджэнні абмяркоўваліся
наступныя пытанні: супакой у рэгіёне Міжземнага мора, роля Еўропы ў
вырашэнні ізраільска-палестынскага канфлікту, 60-гадавіна прыняцця
Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, місія Яна Паўла ІІ як апостала
супакою.


Украіна. 22 лістапада ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны
Марыі ў Львове адбылася афіцыйная цырымонія ўступлення на пасаду новага
Мітрапаліта, арцыбіскупа Мечыслава Макшыцкага. Яго папярэднік, кардынал Мар’ян
Яворскі, звярнуўся да вернікаў з заклікам аб падтрымцы Мітрапаліта ў яго
служэнні.


Снежань
Расія. 5 снежня ва ўзросце 79 гадоў памёр Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі
Алексій ІІ. Пахаванне, якое ўзначаліў патрыях Канстанцінопальскі Варфаламей
І, адбылося у Багаяўленскім кафедральным Елахаўскім саборы ў Маскве. У
літургіі ўдзельнічылі прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Каталіцкага Касцёла,
а таксама іншых хрысціянскіх вызнанняў і рэлігійных супольнасцяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.