2008-12-30 14:37:41

Гомэль: праваслаўныя павіншавалі католікаў каляднай п"есай


Парафіяне гомельскага касцёла Нараджэння Божай Маці сустракалі Каляды на начной святой Імшы. Пробашч парафіі кс. Славамір Ляскоўскі прывітаў замежных гасцей, а затым адзначыў, што ў гэты дзень ён асабліва моліцца за католікаў і праваслаўных розных краінаў свету, дзе і праз дзве тысячы гадоў пасля нараджэння Збавіцеля існуюць ганенні на хрысціянаў. Сярод такіх дзяржаваў — Кітай, Паўночная Карэя, Індыя, Турцыя.
Літургіяй калядная ноч у касцеле не скончылася. Упершыню перад парафіянамі выступіла праваслаўная супольнасць Гомеля, якая прадставіла п’есу «Абразкі жыцця». Сюжэт спектакля наступны: да трох вяскоўцаў просіцца ў дом бедная жанчына, спярша яна ідзе да самага багатага, але той выганяе жанчыну; пасля яна прыходзіць да пабожнай сялянкі, аднак тая таксама не дае ні ежы, ні прытулку; урэшце бедная жанчына трапляе да простага чалавека, які без лішніх словаў гасцінна прымае яе ў сваім доме.У касцёле гэтая аматарская тэатральная трупа не ўпершыню, але гэтай ноччу яе ўдзельнікі былі асабліва ўсцешаны, што мелі магчымасць таксама далучыцца да святочных мерапрыемстваў. Беларускамоўную п’есу яны распрацавалі самі. Два гады таму супольнасць выступала з лялечным спектаклем у Доме міласэрнасці сясцер Маці Тэрэзы. Госці адзначылі, што такія адносіны праваслаўных і католікаў вельмі пазітыўныя і на паўсядзённым узроўні могуць зрабіць шмат карыснага.Пасля пастаноўкі хор касцёла праспяваў калядныя песні на некалькіх мовах свету, таксама пробашч парафіі кс. Славамір пагутарыў з дзецьмі, якія прыйшлі разам з бацькамі на святую Імшу. Увечары ў касцёле выступіў інструментальны ансамбль гомельскай філармоніі з калядным канцэртам. Завяршыліся святочныя мерапрыемствы феерверкам.








All the contents on this site are copyrighted ©.