2008-12-29 13:59:26

Усе беларускія сьвятыя на адной іконе






 Сабор беларускіх святых

У Петрапаўлаўскай царкве ў Мінску з’явілася новы абраз, на якой выяўленыя разам усе беларускія праваслаўныя святыя. Тут і Эўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Апанас Берасцейскі (Філіповіч), Сафія Слуцкая, пакутнік дзіцятка Гаўрыла Беластоцкі, прападобны Генадзь Магілёўскі, — усяго 59 святых і пакутнікаў. Стварыў абраз малады мастак Міхаіл Зубовіч. Дарма што на тэрыторыі Беларусі паасобныя беларускія святыя заўсёды карысталіся вялікай папулярнасцю сярод праваслаўных вернікаў, але сабор беларускіх святых — з’ява новая.
Усё пачалося ў 1984 годзе пасля хадайніцтва мітрапаліта Філарэта да маскоўскага патрыярха аб стварэнні такога сабору. Гэта быў неабходны захад паводле традыцый Расейскай Праваслаўнай царквы. Неўзабаве дазвол з Масквы быў атрыманы.
Першапачаткова сабор складаўся з 15 святых, але ў 1990-я адбыўся шэраг кананізацый.У беларускіх гарадах зазвычай віселі саборныя іконы з выявамі збольшага расейскіх святых. Толькі самыя выбітныя беларускія святыя, такія як Эўфрасіння Полацкая, траплялі на саборныя іконы.
У 80-я гады пачалося стварэньне іконаў, так бы мовіць, з групавымі партрэтамі беларускіх святых. Першы падобны абраз з’явіўся ў Горадні. Былі створаныя саборныя іконы і ў іншых беларускіх гарадах, але
абраз у Петрапаўлаўскай царкве ў Менску — найбольш поўны паводле колькасьці кананізаваных асобаў.Але і на гэтай іконе ўжо не стае трох асобаў, што былі далучаныя да ліку святых у самыя апошнія гады.
Тацяна Матрунчык, супрацоўніца выдавецкага аддзелу Брацтва Віленскіх пакутнікаў, уважае інстытут беларускіх святых справай пільнай для духоўнага жыцця краіны. «Ведаеце, яны ж нашыя найбліжэйшыя хадайнікі перад Госпадам, нашы духоўныя сваякі», — кажа Матрунчык.
2009 год абвешчаны Беларускай Праваслаўнай царквой Годам беларускіх сьвятых. Мала хто ведае, што ў праваслаўным календары ёсьць нават святкаванне Сабору Беларускіх Святых, то бок Дзень беларускіх святых, які адзначаецца ў 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы (Сёмухі).
Варта дадаць, што ў першую нядзелю пасля Тройцы святкуюць Дзень Усіх святых, а ў другую – Дзень Усіх Святых Зямлі Рускай. Дзень жа святога Кірылы Тураўскага — гэта 11 траўня, а 5 чэрвеня – дзень Эўфрасінні Полацкай, заступніцы Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.