2008-12-24 11:54:38

Пастырскае Слова Архімандрыта Сяргея Гайка на Сьвята Раства Хрыстовага 2008 году і на Новы 2009 Год Гасподні


Вялебныя Айцы!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!
Айцец з добрай волі сваёй захацеў,
і СЛОВА СТАЛАСЯ ЦЕЛАМ.
Дзева нарадзіла Бога,
Які стаўся чалавекам.
Зорка абвяшчае, мудрацы пакланяюцца,
пастухі дзівяцца,
і ўсё стварэньне радуецца.
Вячэрня Нараджэньня Хрыстовага

1. Кожны год у час сьвятаў Раства Хрыстовага таямніца Ўцелаўленьня Сына Божага прасьвятляе Віфлеемскім сьвятлом усё чалавецтва. Сьвятло Віфлеемскай ночы перамагае цемру духовай ігнаранцыі ды дапамагае нам сузіраць Нованароджанага Сына Божага - Спрадвечнае Слова, што сталася целам і пасялілася паміж намі (пар. Ян 1,14 ).
Старажытны візантыйскі багаслужбовы гімн заахвочвае нас да праслаўленьня гэтай вялікай таямніцы:
Слова спрадвечнае з Айцом і Духам,
ад Дзевы народжанае дзеля збаўленьня нашага,
усхалім верныя, і паклонімся Яму (трапар, тон 5).
 
Вельмі патрэбна, каб мы мужна і рашуча адкінулі ўсялякую цемру духоўнай абыякавасьці ды шырока адчынілі дзьверы нашых дамоў, месцаў працы і вучобы на нязгаслае Сьвятло Слова Божага, якое абвяшчае нам Сьвятая, Паўсюдная і Апостальская Царква.

2. У час сьвятаў Раства Хрыстовага шмат разважаем і гаворым пра любоў, як вялікую духоўную каштоўнасьць. І сапраўды, як гэта нагадаў нам Апостальскі Нунцый у Беларусі Высокадастойны Архібіскуп Марцін Відавіч “Заахвочвае нас любоў Хрыста, які палюбіўшы сваіх, да канца іх палюбіў” (пар. Ян 13,1). Слова да грэка-католікаў Беларусі, Полацак, 13 ліпеня 2008 г.
Аднак вельмі патрэбна, каб любоў не была толькі прыгожым словам у нашых вуснах, але каб яна праяўлялася ў нашых канкрэтных дзеях. Трэба, каб мы, ахопленыя любоўю Хрыста, любілі нашых бліжніх.
Неабходна шчыра і разумна любіць нашую Бацькаўшчыну, а асабліва беларускую мову і культуру. Толькі такім чынам зможам захаваць нашую тоеснасьць хрысьціянаў Беларусі, сьвядомых свайго пакліканьня увасабляць Евангельле Ісуса Хрыста ў беларускую культуру.
Мужна любіць Хрыста і Царкву, верна любіць Беларусь і беларускую мову ды разьвіваць хрысьціянскую культуру незалежнай Беларусі няхай заахвочвае нас творчасьць і прыклад жыцьця выдатнага беларускага пісьменьніка, грэка-каталіцкага сьвятара – айца Язэпа Германовіча, 30-тыя ўгодкі сьмерці якога (26 сьнежня 1978 г.) мы ўзгадваем як раз у гэты Калядны час.



3. Дарагія Браты і Сёстры!

У Годзе сьвятога Паўла – 2008/2009 - ўся Каталіцкая Царква ў Беларусі – лацінскага і візантыйскага абрадаў – хоча асэнсаваць глыбіню праўды, што “Слова Божае - жывое і дзейснае”. Гэтае Слова мы ў Беларусі атрымалі больш за тысячу гадоў таму. А амаль ужо паўтысячагоддзя маем Слова Божае ў перакладзе на беларускую мову.
На самай справе да Юбілею 500-годдзя выданьня Францішкам Скарынам беларускай Бібліі засталося 9 гадоў. Таму вельмі важна, каб у рамках духовай падрыхтоўкі да гэтага Юбілею хрысьціяне Беларусі пастаянна адкрывалі багацьце Слова Божага - “жывога і дзейснага” - чытаючы яго на роднай беларускай мове.
Няхай гэта будзе сьведчаньнем нашай жывой веры у тое, што Бог любіць нашую краіну – Беларусь, і бачным знакам адказнай любові да нашай духовай спадчыны. Няхай Слова Божае – “жывое і дзейснае” - умацоўвае нас на шляху гэтай сапраўднай любові.

Акрамя таго, у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве 2009 год праходзіць пад дэвізам “Крыж Хрыста – знак любові”.
Таму грэка-католікі Беларусі, зьяднаныя вакол Крыжа Хрыстовага, шчыра моляцца, каб Новы 2009 Год Гасподні быў блаславёнай нагодай абвяшчаць жыхарам нашай Айчыны - разам з братамі лацінскага абраду ды з братамі праваслаўнымі і пратэстантамі – Слова Божае на роднай мове.

Усім сьвятарам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашае Царквы ды ўсім нашым Сябрам жадаем вялікага супакою сэрца, радасьці ды Божай любові, якая заахвочвае нас чыніць дабро.

 Сардэчна віншуем усіх вас з Божым Нараджэньнем
і Новым 2009 Годам Гасподнім
і вітаем сьвяточным вітаньнем:

Хрыстос нарадзіўся – Яго славім!

Менск, Раство Хрыстова 2008 году.


+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі







All the contents on this site are copyrighted ©.