2008-12-24 11:59:20

Калядная зорка ў Любліне ( Польшча)


Чарговы раз адбылася перадкалядная вечарына беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Любліне. Каля 50 чалавек сабралося 14 снежня ў Музеі люблінскай вёскі, дзе адбылася святая Імша на беларускай мове ў старадаўнім драўляным касцёле. Студэнты, якія воляй лёсу апынуліся па-за межамі радзімы, з непрыхаванай радасцю ўдзельнічалі ў святой Імшы на роднай мове, шчыра спявалі літургічныя песні і праслаўлялі Пана ўсёй душою.
Пасля святой Імшы ўсе прысутныя былі запрошаны ў будынак сапраўднай старой карчмы, дзе ўдзельнікі сустрэчы дзяліліся аплаткай, сімвалам адзінства і згоды, жадаючы адно аднаму шчасця і дабрабыту з нагоды свята Божага Нараджэння, якое набліжаецца. Потым была паказана пастаноўка, у якой чорт хацеў пасварыць усіх, намагаючыся сапсаваць свята Божага Нараджэння, але добры анёл змог даказаць, што слабыя людзі здольныя пераадолець свае заганы. Да герояў прадстаўлення прыйшлі калядоўшчыкі, якія вясёлымі калядкамі і музыкай абвяшчалі людзям навіну пра нараджэнне Божага Сына, які прыйшоў на зямлю, каб перамяніць людскія сэрцы.
На сталах, засланых белымі абрусамі, пад якімі ляжала сена, стаяла 12 традыцыйных посных страваў, якімі ўсе прысутныя з ахвотай пачаставаліся. На працягу ўсёй вечарыны гучалі беларускія народныя і аўтарскія песні, панаваў настрой супакою і брацкай хрысціянскай любові.








All the contents on this site are copyrighted ©.