2008-12-20 11:21:25

Калядная сустрэча Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі


19 снежня 2008 г. у Мітрапалітальнай курыі ў Мінску адбылася калядная сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з прадстаўнікамі сродкаў масавых камунікацый. У сустрэчы таксама прымаў удзел Дапаможны біскуп архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

На пачатку сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш звярнуўся да прысутных з прывітальным словам, падчас якога падвёў вынікі дзейнасці Касцёла на Беларусі ў 2008 г., а таксама падзякаваў усім прысутным журналістам за асвячэнне гэтых падзеяў у СМІ. Арцыбіскуп распавёў пра сваё апошняе замежнае падарожжа і ўдзел у экуменічным каталіцка-праваслаўным форуме ў Трэнта (Італія). Мітрапаліт падкрэсліў, што такое важнае і актуальнае пытанне, як аднаўленне асноўнай ячэйкі грамадства — сям’і — можа стаць добраю глебаю для супольнага служэння Цэркваў. Мітрапаліт таксама ўзгадаў, што, стоячы разам з іншымі іерархамі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы пад крыжом у той зале, дзе ў XVI ст. праходзіў Трыдэнцкі Сабор, ён думаў пра тое, што гэты ж Хрыстус больш за 400 гадоў таму пазіраў з крыжа і на айцоў Сабора.
На пытанне журналістаў адносна існуючай праблемы працы ў нашай краіне святароў з Польшчы арцыбіскуп Тадэвуш адзначыў, што пакліканне да святарскага служэння — гэта Божы дар. Па словах Мітрапаліта, немагчыма заахвоціць чалавека прысвяціць сваё жыццё такому асабліваму служэнню Богу, і па прычыне нешматлікіх пакліканняў з Беларусі Касцёлу ў нашай краіне патрэбна дапамога з-за мяжы. Не так даўно арцыбіскуп звярнуўся з афіцыйнай просьбай аб дапамозе ў гэтай праблеме да Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Славакіі. «Прырода не церпіць пустаты: калі не будзе нас, прыйдзе нехта іншы», — падкрэсліў Мітрапаліт, з болем кажучы пра хуткае распаўсюджанне ў краіне дэструктыўных сектаў.
Падчас каляднай сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавых камунікацый, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў з надыходзячым святам Божага Нараджэння і Новым годам усіх католікаў свету.
«У гэту вялікую ўрачыстасць нараджэння Божага Сына, нараджэння Збавіцеля, сардэчна ўсіх вітаю і віншую. Вітаю ўсіх з Мінска: „Хрыстус нарадзіўся!“ Ён нараджаецца таксама і ў Мінску. Нараджаецца ў нашым Касцёле. Праз служэнне Касцёла нараджаецца ў нашых сэрцах і душах. Сёння мы ўзгадваем не толькі прышэсце Хрыста на гэты свет дзве тысячы гадоў таму, але перш за ўсё хочам, каб праз служэнне Касцёла Хрыстус нарадзіўся ў чалавечых душах, каб яны сталі Бэтлеемам трэцяга тысячагоддзя.
Жадаю ўсім вясёлых святаў Божага Нараджэння, напоўненых ласкаю прыходзячага Пана, напоўненых таямніцаю той таямнічай ночы ўцелаўлення Божага Сына. Тая таямніца сёння ажыццяўляецца праз служэнне Касцёла. Яна ёсць у гісторыі свету і ў гісторыі кожнага чалавека. Няхай гэта таямніца напоўніць вашы душы, сэрцы, вашы сем’і і ўвесь свет. Вясёлых святаў Божага Нараджэння і Новага года!»








All the contents on this site are copyrighted ©.