2008-12-17 14:43:20

Адкрыцьцё Фэстываля "Дні хрысьціянскае культуры у Віцебску 2008- 2009


З бласлаўлення ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна распачаўся традыцыйны фестываль з адкрыцця фотавыставы “Пятае Евангелле”, падрыхтаванай братам Карнэліем Кансэкам SVD.
Выстава ўрачыста адчынілася ў выставачнай зале ВДУ ім. П. М. Машэрава. З прамовай да сабраных навукоўцаў, студэнтаў, педагогаў, святароў і сясцёр законных звярнуўся дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідэцэзіі Антоні Дзям’янка, віцэрэктар універсітэта Ірына Бондал, славуты паэт, старшыня Шагалаўскага камітэта Давід Сімановіч.
“Пятае Евангелле” – гэта фотапогляд глыбока веруючага чалавека на нашае жыццё на Зямлі і ўсеабдымнае паняцце Любові да брата свайго, да Божых стварэнняў, прыроды…
А 10 гадзіне раніцы пачала сваю працу ІІ Міжнародная канферэнцыя “Божае Нараджэнне ў кантэксце беларускай культуры”. У канферэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі каталіцкай, грэкакаталіцкай, праваслаўнай канфесій, а таксама прадстаўнікі юдэйскай дыяспары. Гучалі даклады святароў (кс. Аляксандра Сапеля SDS, а. Яўгена Усошына), філолагаў (канд. філалагічн. навук Ірыны Бондал), гісторыкаў (канд. гістарычных навук Ларыса Лукіна), паэта Давіда Сімановіча, журналіста Святланы Дзядзінкінай, педагогаў пазашкольнай працы Гарадскога Цэнтра дзіцячай творчасці Наталлі Смаляковай і Таццяны Лабуновай, студэнтаў ВДУ і інш.; прамовы кс. біскупа Антонія Дзям’янкі і пратаіерэя Дзмітрыя Савіча. У сваёй прамове ксёндз біскуп адзначыў важнасць шматканфесіянальнай канферэнцыі, разнабаковасць яе падыходу да вывучэння сэнсу Божага Нараджэння ў кантэксце беларускай культуры, нацыянальнай спадчыны, духоўнага выхавання моладзі.
Па заканчэнні канферэнцыі больш за 500 гледачоў сабраў спектакль тэатра “Зніч” пад кіраўніцтвам Галіны Дзягілевай, які працягваў размову аб духоўнасці на мове тэатральнай п’есы паводле вядомага апавядання Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі Прынц”.








All the contents on this site are copyrighted ©.