2008-12-13 10:12:57

Паведамленьне з 38 Пленарнага пасяджэньня ККББ


5 снежня 2008 г. у памяшканні Сакратарыяту ККББ (Мінск) адбылося XXXVIII Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Прапануем вашай увазе паведамленне з гэтага пасяджэння.


У Пленарным Пасяджэнні прынялі ўдзел усе біскупы, а таксама кс. прэлат Крыспін Дубель, Сакратар Апостальскай Нунцыятуры, і Апостальскі Візітатар для Грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт а. Сяргей (Гаек).


1. На пачатку Пленарнага пасяджэння адбылася сустрэча біскупаў з кіраўнікамі мужчынскіх манаскіх супольнасцяў, якія працуюць у Беларусі, і абмеркавана каардынацыя душпастырскіх праграм, супрацоўніцтва і працы, скіраванай на клопат пра пакліканні да святарскага і манаскага жыцця.


2. Сабраныя павіншавалі Сакратара Апостальскай Нунцыятуры з нагоды надання яму тытула Капелана Яго Святасці.


3. У сувязі са смерцю Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II сабраныя накіравалі тэлеграму на імя кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы з тэкстам спачування.


4. Прысутныя падтрымалі ініцыятыву Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага аб падрыхтоўцы і выданні «Літургічнага нататніка», у якім будуць размяшчацца літургічныя тэксты для святара, прымеркаваныя да сустрэч на розную тэматыку з групамі вернікаў.


5. Старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла прадставіў сабраным пераклад абраду «Сакрамэнт паяднання». Прысутныя на падставе галасавання зацвердзілі тэкст, які патрабаваў пэўных удакладненняў.


6. Біскуп — дэлегат ад ККББ на Сінодзе Біскупаў — расказаў прысутным аб тым, як праходзіў Сінод Біскупаў у Рыме ў кастрычніку гэтага года: тэмы, паведамленні, разважанні, справаздачы, сустрэчы, урачыстасці, праца ў групах.


7. Прысутныя вызначылі даты Пленарных пасяджэнняў ККББ у наступным годзе. Пасяджэнні адбудуцца ў наступныя дні: 2 красавіка 2009 г., 25 чэрвеня 2009 г., 23 верасня 2009 г., 2 снежня 2009 г.


8. Старшыня Камісіі па агульным душпастырстве ККББ прадставіў на разгляд душпастырскі план на наступны 2009 год. Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ прадставіў на разгляд прысутным праект Ліста на Нядзелю Святой Сям’і з Назарэта.


9. Прысутныя абмеркавалі працу Сакратарыяту ККББ і Нацыянальнага «Карытасу» на Беларусі.


Былі таксама абмеркаваны некаторыя іншыя справы, актуальныя для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.




Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны сакратар ККББ

 







All the contents on this site are copyrighted ©.