2008-11-24 14:57:32

Залаты Юбілей сьвятарства айца Аляксандра Надсана


23 лістапада 2008 году Беларусь адзначае незвычайную падзею – 50-годзьдзе сьвятарства аднаго з найстарэйшых беларускіх сьвятароў і найярчэйшых зорак на беларускім небасхіле, духоўнага аўтарытэта беларусаў па ўсім шырокім сьвеце – айца Аляксандра Надсана.
Айцец Аляксандар Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 году ў мястэчку Гародзей (цяпер Гарадзея) на Нясьвіжчыне, скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, дзе вучыўся на матэматыка. Сэмінарыя, паводле ягоных пазьнейшых сьведчаньняў, ня толькі дала яму адукацыю, але й назаўсёды зрабіла перакананым беларусам. У 1944 годзе ён пакінуў Беларусь, пэўны час партызаніў у Францыі, дзе далучыўся да Руху Супраціўленьня, потым уступіў у войска Андэрса, якое было пад Брытанскім камандаваньнем. Па вайне вяртаньне ў савецкую Беларусь для яго было раўназначным самагубству, і ён асеў у Ангельшчыне. Асвоіўшы за некалькі месяцаў ангельскую мову, паступіў на матэматыку ў Лёнданскі ўнівэрсытэт, які пасьпяхова скончыў у 1953 годзе. Браў актыўны ўдзел у беларускім жыцьці: рэдагаваў некалькі пэрыёдыкаў беларусаў замежжа; быў адным з стваральнікаў Згуртаваньня беларусаў Вялікае Брытаніі – арганізацыі, якая дзейнічае й дагэтуль, – і цягам двох гадоў (1951–1953) узначальваў яе; быў адным з кіраўнікоў Беларускага Акадэмічнага Каталіцкага Аб’яднаньня “Рунь”, што гуртавала беларускую інтэлектуальную моладзь Заходняе Эўропы й ЗША. Актыўна супрацоўнічаў з найбуйнейшым беларускім духоўным асяродкам на Захадзе – Беларускай Каталіцкай Місіяй у Вялікай Брытаніі ад яе ўтварэньня ў 1947 годзе.
Не без уплыву першага Рэктара Місіі будучага беларускага Біскупа Часлава Сіповіча прыняў радыкальнае рашэньне прысьвяціць сваё жыцьцё сьвятарскаму служэньню. У 1953 годзе паехаў у Рым, дзе шэсьць гадоў вывучаў багаслоўе ў Грэцкай калегіі, у якой беларусы мелі свае карані, пачынаючы ад славутага Язэпа Вэльяміна Руцкага (1574–1637), другога Мэтрапаліта Беларускае Каталіцкае (Уніяцкае) Царквы, які там вучыўся. У Грэцкай калегіі, сярод студэнтаў з розных краінаў, якія ўсе мелі – як нешта само сабой зразумелае – літургіі на родных мовах, у будучага сьвятара паўстала пытаньне, чаму беларусы ня маюць магчымасьці славіць Бога ў сваёй мове.
23 лістапада 1958 году, з навуковай ступеньню магістра багаслоўя, ён прыняў сьвятарскае сьвячаньне. Улетку наступнага году вярнуўся ў Лёндан, дзе ізноў уключыўся ў беларускае жыцьцё. Ужо ў якасьці сьвятара адведваў беларусаў, раскіданых па ўсёй Брытаніі, ад 1966 году кіраваў школай-інтэрнатам імя Кірылы Тураўскага, што была створаная пры Беларускай Каталіцкай Місіі для хлопчыкаў зь беларускіх сем’яў розных веравызнаньняў з краінаў Заходняе Эўропы.
У 1971 годзе ў Лёндане адчынілася Беларуская бібліятэка імя Скарыны, і а. Аляксандар стаў яе нязьменным кіраўніком, нястомна папаўняючы бібліятэчныя фонды друкаванымі скарбамі беларускай культуры, што хутка зрабіла Бібліятэку найбуйнейшым беларускім кнігазборам за межамі Беларусі, які прываблівае дасьледчыкаў з усяго сьвету ды дае гэтаму сьвету інфармацыю пра Беларусь, якую часта немагчыма знайсьці ў іншых крыніцах – у тым ліку й на Беларусі. Пры Бібліятэцы працуе музэй, дзе сабраныя матэрыяльныя сьведкі шматстагодзьдзевай гісторыі Беларусі зь яе ўзьлётамі й трагедыямі.
У 1981 годзе а. Аляксандар стаў Рэктарам Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялікабрытаніі, а неўзабаве й Апостальскім Візытатарам для беларусаў-каталікоў замежжа – і ў гэтай якасьці рэгулярна адведваў беларускія асяродкі ва ўсіх куткох сьвету, ад Аўстраліі й Новай Зэляндыі да абедзьвюх Амэрыкаў. Пры гэтым ён заставаўся адзіным дзейсным сьвятаром на Лёнданскай Місіі. Так як беларускіх сьвятароў на Захадзе было вельмі мала, а лёсы Царквы ў самой Беларусі бачыліся змрочнымі, новы Рэктар і Апостальскі Візытатар адмовіўся ад біскупства, бо ня бачыў у высокім сане сэнсу для свайго штодзённага служэньня.
Цягам гадоў ён працаваў над перакладамі бізантыйскіх літургічных тэкстаў на беларускую мову – праца, якая зазвычай робіцца вялікімі аўтарытэтнымі камісіямі і якая ўяўляецца непад’ёмнаю для аднаго чалавека. Але ён ня толькі здолеў зрабіць якасныя й натхнёныя пераклады амаль усяго велізарнага корпусу тэкстаў літургічнае традыцыі Ўсходняга Хрысьціянства, ня толькі сам склаў службы беларускім сьвятым і на вялікія беларускія сьвяты ды іншыя нагоды (Служба аб памнажэньні любові, Службы да сьвятых Эўфрасіньні Полацкай і Кірылы Тураўскага ды інш.), але й быў першым сьвятаром у сьвеце, хто пачаў сыстэматычна ўжываць беларускую мову ў богаслужэньні. Як мінімум два дзесяцігодзьдзі ён быў адзіным чалавекам, хто штодня (!) літургічна маліўся за Беларусь і па-беларуску. Малітаўнік “Госпаду памолімся”, выдадзены ў Менску ў 2002 годзе, стаўся як афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускае Грэка-Каталіцкае Царквы, так і непераацэнным скарбам для ўсіх тых, хто моліцца па-беларуску, і тых, каму блізкая бізантыйская традыцыя. Айцец Аляксандар застаецца самым запатрабаваным беларускім сьвятаром у сьвеце. Штогод на Каляды й Вялікдзень беларускія радыйныя рэдакцыі ды газэты просяць яго пра казані – заўсёды глыбока духоўныя, зьмястоўныя і па-чалавечы цёплыя.
Праз усе гады служэньня Богу й людзям а. Аляксандар быў і ёсьць нястомным навукоўцам, дасьледчыкам беларускае гісторыі й культуры. Ягоная навуковая бібліяграфія складаецца з дзьвюх з паловай сотняў публікацыяў. Дзякуючы сваёй надзвычай шырокай асьвеце і валоданьню многімі жывымі й клясычнымі мовамі, ён быў найлепш кваліфікаваны для разблытваньня многіх навуковых загадак. Так, ён быў бадай адзіны, хто мог на падставе Капэнгагенскае Пасхаліі вызначыць год выданьня Скарынавае “Малой падарожнай кніжкі” – 1522 год, а не 1523–1524, як пісалі дагэтуль. Ён першы “расчытаў” аль-кітабы беларускіх татараў ды ўвёў іх у сусьветны навуковы ўжытак, запачаткаваўшы такім чынам беларускую кітабістыку. Ён ведае на памяць усе беларускія друкарні ад часоў Скарыны да 20 стагодзьдзя і можа распавесьці, хто, што і як у іх выдаваў і якія беларускія асаблівасьці былі ў тых кнігах. Ягоная праца пра Кірылу Тураўскага дагэтуль застаецца найлепшым аналізам жыцьця, служэньня й творчасьці гэтага самага яркага беларускага сьвятога й пісьменьніка. Ён зладзіў шэраг міжнародных канфэрэнцыяў па розных аспэктах беларусістыкі, у тым ліку – канфэрэнцыю, прысьвечаную 1000-годзьдзю Хрысьціянства на Беларусі (1988 год). Актыўна супрацоўнічаў з навуковым Англа-беларускім таварыствам, чытаючы лекцыі ды друкуючы артыкулы ў часопісе “Journal of Byelorussian Studies”, гэтаксама як і ў іншых пэрыёдыках, найперш у хрысьціянскім часопісе “Божым шляхам”, а пазьней у “Весьніку беларускага каталіцкага душпастырства”, які ён сам і выдаваў. Ягоныя працы набылі шырокі навуковы ўжытак ва ўсім сьвеце, яго ведаюць і шануюць практычна ўсе навукоўцы, якія займаюцца Беларусьсю. Апошнія гады а. Аляксандар прысьвяціў дасьледаваньню гісторыі беларускага Хрысьціянства 20 стагодзьдзя – гэтай так патрэбнай і так малавядомай тэмы (кнігі “Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і беларус”, па-беларуску (2004) і па-ангельску (2007); “Pro patria aliena: Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі” і “Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі” (абедзьве 2006) ды інш.). І ўсё гэта – па сваёй уласнай добрай волі, без абавязку, і часта без падзякі, маючы адзіным рухавіком сваё сьвятарскае й грамадзянскае сумленьне. У гэтым годзе – нарэшце! – навуковая дзейнасьць айца Аляксандра будзе адзначаная ганаровым Дактаратам, які дае яму ў Вільні Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.
У адным з сваіх тэкстаў айцец казаў, што людзі пад наўпроставым уражаньнем ад якой-небудзь трагедыі ахвотна дапамагаюць ахвярам, але час бяжыць, і ахвяры застаюцца сам-насам з сваім болем. Гэтак было з Чарнобыльскай аварыяй 1986 году. А. Аляксандар рабіў усё, каб дапамагчы пацярпелым людзям і пацярпелай краіне, якая ня мела дастаткова голасу, каб абвясьціць пра сваю бяду. Ён стаўся першым чалавекам з Заходняга сьвету, хто прыехаў у Беларусь з грузам лекаў для ахвяраў радыяцыі. Гэта быў ягоны першы візыт на Бацькаўшчыну пасьля растаньня даўжынёй у амаль адно жыцьцё. Пабачыўшы ўсё на свае вочы, ён утварыў Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, езьдзіў па ўсім сьвеце і дзе мог выступаў у друку ды на тэлебачаньні з аповядамі пра трагедыю Беларусі – і людзі адгукаліся. У выніку ўтварылася некалькі самастойных арганізацыяў, якія – ужо без удзелу айца – дапамагаюць беларусам пераадольваць наступствы Чарнобылю.
Кожны прыезд а. Аляксандра на Бацькаўшчыну стаецца значнаю падзеяю ў духоўным, культурным і грамадзкім жыцьці Беларусі. Людзі цягнуцца да сьветлага чалавека, сьвятара, ахвярнага рупліўца, які прысьвяціў ім сваё жыцьцё. Мы ўдзячныя, што й свой залаты юбілей сьвятарства ён пагадзіўся разьдзяліць з намі. Многія леты, дарагі ойча, дзякуй Вам – і хай беражэ Вас Бог.







All the contents on this site are copyrighted ©.