Кардынал Андрэ Вэн-Труа востра раскрытыкаваў працу ў нядзелю. 4 лістапада 2008 г.,
на адкрыцці асенняга пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў Францыі ў Лурдзе,
яе старшыня паставіў пытанне аб тым, ці павелічэнне заробку павінна быць мэтай жыцця
чалавека.
На яго думку, страты чалавека і грамадства ад працы ў нядзелю
непараўнальна большыя за эканамічны прыбытак, які гэта праца можа прынесці. «Перад
усім яе вынікам з’яўляецца распад грамадскіх сувязяў, які закране не толькі хрысціянаў»,
— перасцярог Мітрапаліт Парыжскі. Кардынал нагадаў таксама, што «для вызнаўцаў Хрыста
нядзеля — гэта перш за ўсё дзень Пана і час, які трэба прысвяціць сям’і».
Арцыбіскуп
Андрэ Вэн-Труа падагульніў вераснёвы візіт Бэнэдыкта XVI у Францыю, прызнаючы яго
паспяховым. Кардынал выказаў таксама сваё меркаванне адносна эканамічнага крызісу,
падкрэсліўшы, што «хоць Касцёл і не з’яўляецца кампетэнтным у гэтай сферы, ён павінен
казаць пра звязаныя з гэтым маральныя выклікі».
Падчас пленарнага пасяджэння
епіскапат Францыі павінен вынесці на абмеркаванне пытанні, звязаныя з праектам новага
заканадаўства ў галіне біяэтыкі, пытанне прысутнасці Касцёла на публічным абмеркаванні
ва ўсё больш рэлігійна абыякавым грамадстве, а таксама пытанне ўтрымання касцёлаў.