2008-11-19 13:29:19

Папа Бэнэдыкт 16 заахвочвае больш клапаціцца пра хворых дзяцей


Бэнэдыкт XVI заахвоціў праяўляць большы клопат у адносінах да дзяцей, якія церпяць па прычыне хваробы, якіх пакінулі бацькі або якія сталі ахвярамі войнаў. 15 лістапада 2008 г. Святы Айцец прыняў удзельнікаў XXIII Міжнароднай канферэнцыі, арганізаванай Папскай радай пастырства работнікаў сферы аховы здароўя.
Сесія была прысвечана душпастырству хворых дзяцей. Пантыфік выказаў упэўненасць у тым, што вынікам гэтай сустрэчы стане абвастрэнне грамадскай думкі ў справе атулення дзяцей большым клопатам, неабходным для іх фізічнага і духоўнага развіцця. Бэнэдыкт XVI дадаў, што гэта датычыцца ўсіх дзяцей, але асаблівым чынам — дзяцей хворых, якім неабходна прафесійная медыцынская дапамога.
Нягледзячы на шматлікія дасягненні ў галіне медыцыны, многія хваробы і праблемы застаюцца нявырашанымі. Святы Айцец заахвочвае, каб кожная справа ў медыцыне мела на мэце «сапраўднае дабро дзіцяці».
Чалавек мае вартасць ужо таму, што быў створаны па вобразе і падабенстве Божым, і ён тым больш каштоўны, чым слабейшым здаецца ў людскіх вачах. «З якой жа любоўю неабходна адносіцца да дзіцяці, якое яшчэ не нарадзілася і ўжо мае паталогію!» — падкрэсліў Святы Айцец.
«Перадусім думаю пра дзяцей пакінутых, тых, якія сталі бязвіннай ахвярай СНІДу або войнаў ці ўзброеных канфліктаў у рознах частках свету. Думаю пра дзяцей, якія паміраюць ад нястачы, голаду і засухі. Касцёл не забывае пра гэтых сваіх найменшых дзяцей. З аднаго боку, ён падтрымлівае ініцыятывы багатых краінаў, скіраваныя на паляпшэнне ўмоваў іх развіцця, а з другога — звяртае ўвагу на абавязак больш клапаціцца пра хворых дзяцей», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.