2008-11-15 10:19:57

У выдавецтве "Кнігазбор" выйшаў том выданьняў твораў Адама Станкевіча


У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» накладам 1 тыс. экзэмпляраў выйшаў том выбраных твораў ксяндза Адама Станкевіча — 44‑я кніжка серыі «Беларускі кнігазбор», паведаміў БелаПАН дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі.



Складальнікам тому, аўтарам прадмовы і каментарыяў да яго з’яўляецца доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан.

Кнігу выдатнага дзеяча беларускага адраджэння, аднаго з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, каталіцкага святара, кандыдата багаслоўя Адама Станкевіча (06.01.1892 — 26.11.1949), загубленага карнымі органамі савецкай улады, склалі самыя значныя яго працы — манаграфіі, казанні і публіцыстычныя артыкулы. Сярод іх — манаграфіі «Хрысціянства і беларускі народ», «Родная мова ў святынях» і «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення».

У раздзел «Божае слова» ўключаны лекцыі, Евангеллі і прамовы на нядзелі і святы, а таксама артыкулы і рэцэнзіі «Этычныя падставы нацыянальна‑культурных правоў нацыянальных меншасцяў», «У аспекце сацыяльнай справядлівасці», «Зацемкі аб П.Сергіевічу і яго творстве» і «Прамова пасла ксяндза Адама Станкевіча ў соймавай асветнай камісіі праз разважанне пана міністра асветы». У том аб’ёмам 362 старонкі увайшло 18 ілюстрацый вокладак кніг і фотаздымкаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.