2008-11-15 10:19:44

Архірэйскі Сабор Сэрбскае Праваслаўнае Царквы папрасіў Патрыярха Паўла застацца на пасадзе


Паводле паведамлення Свяцейшага архіярэйскага сабору Сербскае Праваслаўнае Царквы, апублікаванага на афіцыйным сайце, 12 лістапада Сабор прыняў наступнае рашэнне датычна сыходу на супакой Патрыярха Сербсага Паўла:

"Запыт Свяцейшага Патрыярха Сербскае Праваслаўнае Царквы Паўла ад 8-га кастрычніка 2008 г. пра сыход на супакой з-за яго фізічнае немачы - прыняць да ўвагі.

У той самы час, Свяцейшы архіярэйскі сабор заклікае Свяцейшага Патрыярха застацца главой Сербскае Праваслаўнае Царквы".

Нагадаем, што прашэнне Сербскага Патрыярха Паўла аб сыходзе на супакой было апублікаванае Сінодам Праваслаўнай Царквы Сербіі 24 кастрычніка 2008 г., і меркавалася што на чарговым Саборы гэтае рашэнне будзе разгледжанае.

Патрыярх Павел (Гойка Стоевіч) сёлета адзначыў сваё 94-годдзе. Ён быў абраны Патрыярхам ў лістпададзе 1990 г. паводле рашэння Святога Архіярэйскага Сабору Сербскай Праваслаўнай Царквы. Апошнім часам Патрыярх знаходзіцца ў шпіталі медыцынскай акадэміі. Нядаўна, паводле паведамлення афіцыйнага сайту СПЦ, Яго наведалі мітрапаліт Чарнагорска-прыморскі Амфілохій, епіскап Сярэднееўрапейскі Канстанцін і епіскап Палошка-куманаўскі Іякім, дзе і абвесцілі яму пра рашэнне сабору, якое Патрыярх прыняў са зміранасцю.








All the contents on this site are copyrighted ©.