2008-11-12 14:06:25

ІІ Фэстываль рэлігійнай песьні ў Браславе


З 8 па 9 лістапада 2008 г. у Браславе (Віцебская дыяцэзія) адбываўся ІІ Фестываль рэлігійнай песні «Птушкай будзь». Ужо два гады запар тут збіраюцца ўсе, хто хоча праслаўляць Бога малітвай спеву.
Напрацягу двух дзён сваімі талентамі і радасцю дзяліліся з іншымі моладзь і дзеці з Шуміліна, Глыбокага, Браслава, Друі, Гарадка і Мінска. На гэты раз фестываль атрымаўся не толькі міждыяцэзіяльным, але і міжканфесійным (у ім прынялі ўдзел вернікі Царквы «Новае жыццё» г. Мінска).
Фестываль распачаўся святой Імшой у суботу 8 лістапада. Пасля распачаліся выступленні ўдзельнікаў: кожны па-свойму дзяліўся запалам Божай любові, і міжволі словы песень гучалі на вуснах кожнага з прысутных. Удзельнікі мелі таксама шмат часу для знаёмства і супольнага правядзення часу.
Ініцыятар мерапрыемства, ксёндз дзекан Лешэк Вітвіцкі, падкрэслівае, што галоўным з’яўляецца нават не сам фестываль, але магчымасць супольнага праслаўлення Нябеснага Айца.
У нядзелю адбыўся гала-канцэрт, пасля якога былі падведзены вынікі фестывалю і выказаны словы падзякі ў адрас кожнага, хто прычыніўся да арганізацыі мерапрыемства. Усе ўдзельнікі былі адзначаны граматамі, усе атрымалі падарункі.
Падчас святой Імшы на заканчэнне фестывалю кс. Кшыштаф Вітвіцкі, канцлер Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі, ад імя біскупа Уладзіслава Бліна падзякаваў вернікам за актыўны ўдзел у рэлігійным жыцці дыяцэзіі. На развітанне ізноў прагучаў гімн фестывалю.







All the contents on this site are copyrighted ©.