2008-11-10 13:47:59

65-я гадавіна сьмерці Экзарха Антона Неманцэвіча


Нядаўна удзельнікі XIV пілігрымкі беларускіх грэка-католікаў з Віцебска да Полацка затрымаліся ў вёсцы Струньня (каля Полацка), пры крыжы, што стаіць на месцы былой рэзыдэнцыі Ўніяцкіх Мітрапалітаў. Там Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандыт Сяргей узначаліў Паніхіду за ерархаў, сьвятароў, манахаў, манахіняў ды сьвецкіх вернікаў Уніяцкай Царквы. У рамках паніхіды ўзгадана 65-годдзе мучаніцкай сьмерці Экзарха беларускіх грэка-католікаў а. Антона Неманцэвіча ў мінскай турме СД.


Нижэй прапануем тэкст Памінальнага слова Апостальскага Візітатара.
“Любоў Хрыста заахвочвае нас” (2 Кар 5,14)
Памінальнае Слова
Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі
з нагоды 65-год ад мучаніцкай сьмерці Экзарха беларускіх грэка-католікаў
а. Антона Неманцэвіча



Дарагія ў Госпадзе Браты і Сёстры!
Набліжаецца да завяршэньня XIV штогадовая пілігрымка беларускіх грэка-католікаў, падчас якой ў гэтым годзе вы асэнсоўвалі тэму “Любоў Хрыста заахвочвае нас” (2 Кар 5,14). Тут, на беразе Дзьвіны, мы затрымаліся ля крыжа. Ля Крыжа Гасподняга, які заўсёды зьяўляецца знакам Ягонай Любові.
Гэты крыж стаіць на месцы рэзыдэнцыі ўніяцкіх мітрапалітаў. Тут на тым месцы хочам маліцца і задумацца. У малітве Паніхіды хочам узгадаць ерархаў, святароў, манахаў, манахіняў ды сьвецкіх вернікаў Уніяцкай Царквы.
Ля крыжа Гасподняга ў малітве хочам узгадаць мучанікаў і пакутнікаў Беларускай Зямлі, ахвяры ўсіх перасьледаў у гісторыі нашае Краіны.Узгадваем Полацкіх Пакутнікаў 1705 г., узгадваем ахвяры царскіх рэпрэсіяў, ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, узгадваем ахвяры нямецкай фашысцкай экстэрмінацыі .
На гэтым месцы, дзе жылі, маліліся і служылі ерархі Ўніяцкай Царквы, узгадваем сёньня асаблівым чынам Экзарха беларускіх грэка-католікаў, Апостальскага Адміністратара а. Антона Неманцэвіча, які адышоў да Госпада ў мінскай турме СД 6 студзеня 1943 года, больш за 65 год таму.
Ён належаў да выдатных беларускіх царкоўных дзеячаў ХХ-га стагодзьдзя, якія стараліся наладзіць братэрскія адносіны з праваслаўнымі.
1. Мучаніцкі подзьвіг
Да нядаўняга часу існавала некалькі розных версіяў адносна прычыны, даты і месца сьмерці Экзарха Неманцэвіча. 24 жніўня 2004 году навуковы рэферэнт Сакратарыяту Апостальскага Візітатара БГКЦ менскі гісторык Яўген Усошын адшукаў у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь новы каштоўны дакумент пра дату сьмерці і пахаваньня Экзарха Антона Неманцэвіча1. Пры пошуку дакументу вельмі дапамагла кніга гродзенскага дасьледчыка Э.С. Ярмусіка Католический костел на Беларуси в годы второй мировой войны (Гродно 2002).
Адшуканы дакумент пра сьмерць і пахаваньне Экзарха А. Неманцэвіча трапіў у фонд 370 дакументаў Генеральнага камісарыяту Беларусі, у архіўную справу Перапіска з акружнымі камісарыятамі і служыцелямі рэлігійнага культу пра ідэалагічнае выхаваньне мясцовага насельніцтва і па пытаньнях царквы (ф. 370, воп. 1, спр. 2, арк. 5).
На дакуменце прысутнічае рэгістрацыйны штамп канцылярыі Генеральнага камісарыяту з пазначанай на ім датай – 21 студзеня 1943 году. Дакумент падпісаны оберштурмбанфюрэрам СС без расшыфроўкі яго прозьвішча. Можна думаць, што подпіс на дакумэнце належыць Эдуадру Штраўху, бо менавіта ён быў камандзірам паліцыі бясьпекі і СД у Менску ў гэты час.
У згаданым дакуменце сьцвярджаецца: “З меркаваньняў паліцыі бясьпекі Неманцэвіч мусіў быць пераведзены са Слоніма ў Мінск. 30.11.1942 г. ён захварэў на сыпны тыф. [...] Зважаючы на значэньне ягонай асобы, ён быў дастаўлены ў штабкватэру паліцыі бясьпекі і СД Беларусі. Тут ён памер 6.01.1943 г. ад сардэчна-сасудыстай недастатковасьці, якая наступіла пасьля сыпнога тыфу”. Але а. Антон хварэў на тыф яшчэ ў дзяцінстве і меў імунітэт на яго, таму можна згадзіцца з а. Львом Гарошкам, які лічыць, што нямецкія нацысты проста спрабавалі схаваць такім чынам забойства (сярод тартураў) а. Антона як выдатнага душпастыра і высокага царкоўнага ярарха. У любым выпадку можна гаварыць пра ягонае мучаніцтва ex aerumnis carceris (вычарпаньне ў варунках турмы).
2. Пакліканьне
Мучаніцкі подзьвіг беларускага Экзарха Антона Неманцэвіча быў вянцом і плёнам ягонай дзейснай веры ды руплівага пастырскага служэньня. Нарадзіўся ён далёка ад сваей радзімы – у сталіцы Расейскае імпэрыі Санкт-Пецярбургу 8 лютага 1893 года. Ягоныя бацькі, Вікторыя і Ян, прыехалі туды з ваколіцаў Саколкі. Бацькі выхавалі яго добрым і ахвярным каталіком. Скончыўшы вядомую ў Пецярбурзе прыватную каталіцкую гімназію сьв. Кацярыны, малады юнак выбраў нялёгкую сьвятарскую дарогу. Пасьля заканчэньня ў 1915 годзе каталіцкай семінарыі ён адразу паступіў у мітрапалітальную Духоўную Акадэмію, якая ў той час існавала ў Пецярбургу.
У тым самым годзе ён становіцца сябрам беларускага кола ў гэтай акадэміі. Большасьць чальцоў гэтага знакамітага кола сталася пазьней шчырымі рупліўцамі магутнага руху беларускага каталіцкага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.