2008-11-07 12:39:38

У Індыі забіты не менш 500 хрысьціянаў


У штаце Арыса (Індыя) забіта не менш 500 хрысціянаў. Драматычныя вынікі апублікавала агенцтва «Азія-Ньюс», якое стала сочыць за развіццём сітуацыі ў Індыі. Агенцтва таксама нагадала, што ўрадавыя крыніцы ўвесь час паведамляюць толькі пра 31 ахвяру.


На думку прадстаўніка дзяржаўнай улады штата Арыса, які пажадаў выказацца ананімна, за час антыхрысціянскіх хваляванняў у гэтым штаце жыццё страцілі як мінімум пяцьсот вызнаўцаў Хрыста. Па яго словах, ён асабіста даў дазвол на крэмацыю 200 хрысціянаў.


Арганізавана 15 лагераў бежанцаў (12 тысяч 641 чалавек), у якіх, па словах мясцовай дзяржаўнай і федэральнай улады, «хрысціяне знаходзяцца ў бяспецы, маюць свабодны доступ да вады, лекаў і ежы». Аднак дэлегацыя, якая пабывала ў месцах размяшчэння лагераў, паведамляе пра драматычную сітуацыю, між іншым, з-за недахопу неабходных лекаў: «Адчуваецца атмасфера тэрору сярод хрысціянаў, якія баяцца за сваё жыццё, у выпадку, калі яны вырашаць пакінуць лагер і вярнуцца ў свае вёскі».


Індыйскія фундаменталісты імкнуцца адправіць назад паліцыю, якую ўрад накіраваў для абароны хрысціянаў, і адкрыта пагражаюць, што тых хрысціянаў, якія не вернуцца да індуізму, чакаюць пакуты і смерць. У той жа час адказныя за лагеры бежанцаў стараюцца пераканаць хрысціянаў у тым, што яны могуць вяртацца ў свае вёскі, дзе, па іх словах, ізноў запанаваў мір.










All the contents on this site are copyrighted ©.