2008-11-01 14:06:31

Сьвятое Эвангэльле на 31-ю Нядзелю Году


Тады Езус прамовіў да народу і вучняў Сваіх і сказаў: на Майсеявым пасадзе паселі кніжнікі і фарызеі. Дык усё, чаго скажуць вам прытрымлівайцеся й рабіце, але не рабіце паводле ўчынкаў іх, бо яны гавораць і ня робяць.
Бо вяжуць ярмо цяжкое і непасільнае і ўскладаюць на плечы людзям; а самі ня хочуць і пальцам крануць яго. Усе-ж учынкі свае яны робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць свае філяктэрыі і павялічаюць полы вопраткі сваёй, ды любяць першыя месцы на банкетах і першыя лавы ў сынагогах і вітаньні на рынку, і каб людзі называлі іх: настаўнік, настаўнік!
А вы не называйцеся настаўнікамі: бо адзін у вас Настаўнік - Хрыcтуc; усе-ж вы браты. І айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Каторы на нябёсах. І не называйцеся настаўнікамі: бо адзін у вас Настаўнік - Хрыcтуc.
Большы з вас няхай будзе вам за слугу. Бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, той узвышаны.


У гэтай главе Эвангельля ад Матэя напружанасць у адносінах паміж Езуcам і фарызеямі дасягнула сваёй кульмінацыі. Уражвае моц, з якой Езуc выказвае свае абвінавачваньні. Гэтая прамова Хрыста, хіба найсуровейшая ці то па свайму тону, ці то па зместу.
Засталося ўсяго некалькі дзён да пакутнай сьмерці і Езуc парывае ўсе стасункі з асяродзьдзем, найбольш уплывовым у той час, але безнадзейна хворым з духоўнага пункту гледжаньня. І Эвангельле апісвае сутыкненьне Езуcа з фарысеямі не дзеля таго, каб апавесьці ход падзей, але каб пераказаць навуку Хрыста на тэму крывадушша.
Ужо у 6 стагодзьдзі да нараджэньня Хрыста прарок Йерамія выступіў супраць крывадушша сваіх сучаснікаў. Яны натоўпамі наведвалі Сьвятыню, давалі багатыя ахвяраваньні, але іх паводзіны былі такімі, што Ягвэ ня мог ужо больш зносіць такога тыпу фальшывае выкананьне рытуалаў.
За Йераміяй і Езуc, але з нячувалай раней моцай, выкрывае вытокі і вынікі гэтага крывадушша. І калі чытаеш Эвангельле, яно пакідае пачуццё, што крывадушша зьяўляецца найвялікшай і найбольш небяспечнай перашкодай, бо паўстае мурам на шляху да Хрыста.
Крывадушша - з аднаго боку, - гэта сімуляцыя пэўнай маральнай якасці, якой на самой справе не існуе. І такім чынам ёсць яна формай фальшу і ашуканьня. Дзіўным чынам, але у хрысціянскім сьвеце, крывадушша сустракаецца больш чым дзе. Хіба гэткае крывадушша - гэта найнебясьпечнейшая спакуса, для усіх тых, хто праходзіць шляхам веры. І трэба запытацца ў саміх сябе, чаму была такой абуральнай рэакцыя Хрыста на крывадушныя паводзіны фарысеяў, і параўнаць іх паводзіны з нашымі сёньня. І гэта дапаможа зразумець у чым заключаецца шчырасьць веры.
З іншага боку, гэта тэма на якой варта спыніцца асабліва ў наш час, дзе пасьля падзьдзеньняў ідэалогій, сучасны чалавек стаўся больш чульлівым на праўдзівасць паводзінаў.
Езуc параўноўвае крывадушных да сляпых, як напісана у Эвангельлі ад Матэя:
Правадыры сляпыя, што камара адцэджваеце, а вярблюда глытаеце! Гора вам кніжнікі і фарысеі-крывадушнікі, што ачышчаеце чару і місу зверху, а ўсярэдзіне поўныя драпежнасці і няпраўды. Фарысей сляпы! Ачысці перш сярэдзіну чары і місы, каб чыстыя былі зверху .
Зразумела крывадушны хоча ашукаць іншых, але ўрэшце ашуквае самога сябе, і стаецца сляпым, бо пазбаўляецца здольнасьці бачыць рэчы такімі якімі яна ёсць. І ў рэлігійным жыцьці крывадушша стаецца ўжо ня толькі ашуканьнем, але нечым больш вытанчаным. Таму што той, хто ашуквае іншых, робіць гэта, каб набыць павагу і чыніць гэта з выглядам такім наіўным і прастадушным, нібыта гэта рэч самая нармалёвая. І для гэтага хопіць толькі відочна добрых маральных паводзін, малітвы, дакладнасці ў выкананьні рэлігійных практык і усе толькі для таго, каб цябе заўважылі і пачалі паважаць за гэта. І такім вось звадным чынам набожнасьць стаецца толькі вонкавымі учынкамі.
А гэта і есць прыхаванай формай пыхі. Яна адрозніваецца ад фармалізму, нават калі фармалізм гэта першая прыступка да гэтай пабожнай пыхі. Але калі застаецца магчымасць, каб пазбавіцца ад фармалізму, крывадушша можа стацца падсвядомым унутраным станам – тое‚ што Хрыcтуc называе "зацьвярдзеласьцю сэрца".
І сапраўды крывадушныя сканчаюць тым, што прыймаюць за праўду тое, у ва што хочуць, каб іншыя паверылі. Яны ж самі вераць у сваю дасканаласць і справядлівасьць і з часам увогуле не адчуваюць ніякай патрэбы ў направе свайго жыцця і стаюцца глухімі на заклік навярнення. Як актор у тэатры, крывадушны выконвае сваю ролю з большым захапленьнем, калі яго бачыць больш гледачоў, і калі адчувае якое вялікае уражаньне ён робіць на іх. Жыцьцё крывадушнага - гэта сталы выхад на сцэну, пабожная тэатральнасьць. І прыклад такой тэатральнасьці дае сёньняшняе Эвангельле, калі апавядае як фарызеі пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць полы вопраткі. Езуc спасылаецца тут на гэбрайскі звычай насіць, прывязаныя да рук і на ілбе маленькія скрыначкі ( яны называюцца філяктэрыі) у якіх захоўвалі скруткі пергаменту з некаторымі выразамі са слоў Бібліі: з кнігі Другазаконьня , і кнігі Зыходу. І вось гэтыя філяктэрыі фарысеі павялічвалі каб зьвярнуць на сябе увагу.
Нажаль, нельга лічыць, што крывадушша, з якім спатыкаўся Езуc у свой час была ўласцівай толькі фарысеям. Кожны хрысціянін рызыкуе стацца крывадушным. Сам апостал Петр не пазьбег гэтай небяспекі, калі ў Анціахее сутыкнуўся з апосталам Паўлам. Паводзіны Пятра былі крывадушнымі, калі ён сілкаваўся разам з паганамі, але у момант, калі прыбылі у тое ж мейсца пасланьнікі ад Якуба, пачаў пазьбягаць паганаў. І апостал Павел у сваім лісьце да Галацян абвінавачвае яго ў няшчырасьці такіх паводзін. І таму менавіта апостал Петр, сам прайшоўшы праз такую спакусу, у сваім першым лісьце, дае параду хрысьціянам быць чыстымі і праўдзівымі, і быць таксама сьвядомымі з таго, што ў любую хвіліну могуць упасьці ў спакусу крывадушша, і увогуле адысьці ад веры.
Дык чаму гэтае спакушэнне датыкае найперш хрысціянаў? Глыбінны матыў у тым, што вернік пачынае лічыць сябе лепшым за іншых. І тут трэба заўсёды памятаць, што Царква - гэта мы. І Царква ня можа ставіць сябе ў цэнтр увагі людзей. Яна - гэта абвяшчэньне валадарства будучага. І таму нельга, каб людзі захапляліся намі, наадварот трэба дапамагчы ім, каб яны, з пакорай , у шчырасці жыцьця адкрылі Бога і сустрэліся з Ім.
Езуc явіць і іншы бок крывадушша: ня толькі ад пыхі. У Эвангельлі сустракаюцца катэгорыі асоб, якіх Езуc, здаецца, па просту не пераносіць: гэта тыя, што лічаць сябе справядлівымі. Перад імі Пан нібы адчувае сябе бязбройным і бязсільным. І прыкладам такіх асоб зьяўляюцца фарысеі, якія посьцяць ажно 2 разы на тыдзень, і з вышыні сваёй праведнасці асуджаюць мытніка, які моліць аб міласэрнасці. Езуc папярэджвае, што такая пабожнасць, праведнасьць-фальшывыя. Бо лічыць, што Бог хоча збавіць чалавека, на падставе выкананьня загадаў права. Каб сапраўды было так, чалавек мог бы ганарыцца самаўласнай здольнасьцю да збаўленьня. Але Бог даруе апраўданьне і збаўленьне чалавеку як ласку, як дармовы дар і таму, хто у першую чаргу разумее, што не мае на гэта ніякага права. Па cутнаcці, крывадушша вынікае з памылковага ацэньваньня, заразумеласьці і пыхлівага выхваленьня людзкой справядлівасьці. Гэтаму тыпу праведнасьці Езуc супрацьстаўляе праведнасць, якая грунтуецца на Божай справядлівасьці. І таму Езуc з такой уважлівасьцю і міласэрнасцю ставіцца да грэшнікаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.