2008-10-29 14:44:59

Ватыкан: Сьвятая Імша з нагоды 50-ці годдзя выбару Папы Яна 23-га


У аўторак 28-га кастрычніка ў Базыліцы Сьвятога Пятра была адпраўлена Сьвятая Імша для пілігрымаў з Бэргамо, якія прыбылі ў Вечны Горад, каб ушанаваць памяць свайго вялікага земляка Папу Яна 23-га. Літургію для іх адслужыў кардынал Тарчыцыё Бэртонэ. На заканчэньне Сьвятой Імшы да Базылікі прыбыў Папа Бэнэдыкт 16. Ён памаліўся пры гробе Бласлаўлёнага Яна 23-га ды сказаў прамову да пілігрымаў.
“Пантыфікат Яна 23-га быў для Касьцёла вялікім дасьведчаньнем бацькоўства”- сказаў Сьвяцейшы Айцец. Ён навучаў, што вера ў Хрыста і прыналежнасьць да Касьцёла, маці і настаўніцы, зьяўляюцца гарантам пладавітага хрысьціянскага сьведчаньня ў сьвеце. Такім чынам- працягваў сваё казаньне Папа- сярод розных канфліктаў сваіх часоў гэты Папа быў чалавекам і пастырам міру, які здолеў адкрыць на Усходзе і Захадзе неспадзяваныя пэрспэктывы братэрства паміж хрысьціянамі і дыялогу з усімі”.
Бэнэдыкт 16 успомніў таксама найбольшае дасягненьне Папы Анджэлё Ронкальлі, з якім атаясамліваўся ягоны пантыфікат. Дарам сапраўды асаблівым- сказаў Бэнэдыкт 16- які быў дадзены Касьцёлу за пасрэдніцтвам Яна 23-га, быў Другі Ватыканскі Сабор, ім скліканы, падрыхтаваны і пачаты. Абавязкам нас усіх- сказаў Пантыфік- ёсьць у адпаведны спосаб прыняць гэты дар, абвяркоўваць яго навучаньне і ўводзіць у жыцьцё яго ўказаньні.








All the contents on this site are copyrighted ©.