2008-10-27 14:21:38

Дзе і калі загінуў а. Антон Неманцэвіч ( заканчэньне)


У публікацыі ў “Беларускай царкве” Вацлаў Пануцэвіч палемізуе з а. Л. Гарошкам, які ў публікацыі ў часопісе “Божым шляхам” у № 70-75 за 1956 г. вінаваціў у сьмерці экзарха Неманцэвіча праваслаўных япіскапаў з Жыровіч (Трэба адзначыць, што вэрсія а. Гарошкі аб датычнасьці да гібелі экзарха Неманцэвіча праваслаўных герархаў увайшла ў кнігу “Канфесіі на Беларусі” (Менск, 1998, стар. 228). Пануцэвіч адзначае, што а. Гарошка не прыводзіць гэтаму пераканаўчых доказаў. Рэдактар “Беларускай царквы” адзначае:


“Ведама, многія правасл[аўныя] варожа адносяцца да Вуніі, але гэта не значыць, што дзеля гэтай варожасьці немцы ліквідавалі-б а. Неманцэвіча — Беларускага Экзарха. То-ж Генэральны Камісар Беларусі ў сакавіку 1942 году выдаў быў афіцыяльную грамату на існаваньне Беларускага Экзархату, у травені таго-ж году шырока абвесьціла кантраляваная немцамі беларуская прэса існаваньне Экзархату з волі немцаў, дык звычайная варожасьць праваслаўных да Вуніі ня мела-б значэньня, каб скасаваць гэты Экзархат. Аргумэнт, што ў гэтым часе тварылася БАПЦарква, таксама не вытрымоўвае крытыкі. Па-перша[е], БАПЦ пачала тварыцца ўжо ад восені 1941 г. — гэта ёсьць на пяць месяцаў раней, і немцам было вядома, што сярод беларусоў насельніцтва мяшанае: праваслаўныя й каталікі. Па-другое, самі праваслаўныя япіскапы мелі аграмадныя клопаты з беларускай незалежніцкай праваслаўнай групай, якая змушала іх да аўтакефаліі і беларусізацыі праваслаўнай царквы. Кіраўнік палітычнага аддзелу пры Ген[эральным] Кам[ісарыяце] Беларусі тэрызаваў япіскапаў пісталетам у сваім бюры, змушаючы іх на аўтакефалію, а Панцялейман быў некаторы час пад арыштам — дык дзе-ж тут было япіскапам займацца барацьбой зь Беларускім Экзархатам?.. Астаецца адно: падазрэньне ў незалежніцкай кансьпірацыі… Інакш, узьнятая абарона а. Неманцэвіча некаторымі немцамі мела-б лепшыя ўдачы” (тамсама, стар. 107-108).


І хоць а. Антон Неманцэвіч ня мог браць вялікага ўдзелу ў беларускім нацыянальным антыфашыстоўскім падпольлі, гэстапаўцы яго катавалі й мучылі, спадзяючыся здабыць хоць нейкую інфармацыю. Наступныя падзеі сьведчаць, што Беларускі Экзарх мужна перанёс усе выпрабаваньні, нічога й нікога ня выдаўшы акупантам. Гэтаксама мужна прыняў пакутніцкую сьмерць, расстраляны СД, кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Абодва яны аддалі свае жыцьці за Беларускі Народ, за сьвятую Хрыстову Веру.


І ўсё ж, дзе й калі загінуў а. Неманцэвіч? Пакуль называюцца два месцы: Менск і Бэрлін. Дасьледчык Юры Гарбінскі ў кнізе “Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагодзьдзя” (Менск-Мюнхэн, “Беларускі кнігазбор”, 1999) зазначае, што “да пачатку 90-х гадоў дата, месца й акалічнасьці сьмерці першага беларускага экхарха заставаліся невядомымі. У сувязі з гэтым існаваў шэраг вэрсій гібелі А. Неманцэвіча. Паводле апошніх польскіх публікацый і выданьняў удалося ўстанавіць, што ён памёр 01.04.1943 у бэрлінскай турме”. Гэтую ж дату й месца называе й гісторык Янка Трацяк у энцыкляпэдычным артыкуле (Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, т. 5, Менск, 1999, стар. 319-320). Дасьледчык Яўген Цумараў, які напрыканцы 2001 году здолеў высьветліць абставіны, месца й час гібелі а. Гадлеўскага, лічыць, што ў Трасьцянцы мог быць расстраляны (або пахаваны пасьля сьмерці ў засьценках менскага СД) і экзарх Антон Неманцэвіч. А ўсе даты, нібыта, ягонай сьмерці ёсьць замятаньне сьлядоў злачынства, зьдзейсьненага менскім СД, — лічыць Цумараў.


Застаецца толькі спадзявацца на адшуканьне й апублікаваньне нямецкіх дакумэнтаў, якія маглі б зьняць усе пытаньні ў гэтай справе.


“Паводля Божага пляну для выкананьня вялікіх учынкаў патрэбна вялікая ахвярнасьць. — пісаў а. Леў Гарошка. — Толькі на вялікай ахвяры растуць непахісныя векапомныя творы. Для аднаўленьня старое Беларускае Царквы а. Неманцэвіч дадаў сваю скромную, але шчырую ахвяру да крыжовае ахвяры Хрыста і дасьць Бог, прыйдзе час, калі на Беларусі закрасуе гэтая ахвяра прыгожымі кветкамі і пладамі” (“Божым шляхам”, № 11-12, 1949 г., стар. 10).








All the contents on this site are copyrighted ©.