2008-10-25 10:24:17

Свабода прэсы: Беларусь сярод апошніх


Беларусь заняла 154 месца сярод 173 ў рэйтынгу свабоды СМІ за 2008 год.


Гэты рэйтынг штогод вызначае ў Парыжы міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпартэры бязь межаў". Справаздачы арганізацыі рыхтуюцца ў цесным супрацоўніцтве з незалежнымі журналісцкімі арганізацыямі многіх краін сьвету.


Паводле экспэртаў арганізацыі, у параўнаньні з 2007 годам сытуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі не палепшылася. Сёлетняя 154-я пазыцыя Беларусі яшчэ больш нізкая за леташнюю, калі краіна была на 151-м месцы. Разам з такімі постсавецкімі краінамі як Узбэкістан (162-е месца) і Туркмэністанам (171-е) Беларусь увайшла ў апошнюю дваццатку рэйтынгу. Самыя ж апошнія месцы ў рэйтынгу занялі Паўднёвая Карэя ды Эрытрэя.
У справаздачы адзначаецца, што беларускія улады, якія маюць выключную манаполію на электронныя СМІ, працягваюць ціснуць на незалежныя друкаваныя ды Інтэрнэт-выданьні.


Міжнародная журналісцкая праваабарончая арганізацыя выказвае шкадаваньне ў сувязі з тым, што Рада правоў чалавека ААН вырашыла сёлета не аднаўляць мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі, нават улічваючы тое, што Беларусь не была абраная ў гэты орган ААН у зьвязку зь яе “жахлівым стаўленьнем да правоў чалавека і СМІ”. Як канстатуюць “Рэпартэры бязь межаў”, беларуская дзяржава цісьне на СМІ самымі рознымі мэтадамі, уключна з фінансавымі. Экспэрты адзначаюць, што сёлета беларускія парлямэнтары адкінулі прапанову БАЖ адносна перагляду новага Закону аб СМІ, які толькі павялічыць і без таго вялікі ціск на прэсу ў Беларусі. Дарэчы, дэмакратызацыя гэтага закону ставіцца як адна з асноўных умоваў “невяртаньня” візавых санкцыяў для кіраўніцтва Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.