2008-10-13 13:41:51

Дзе і калі загінуў Экзарх айцец Антон Неманцэвіч


Гэтае пытаньне хвалявала ня толькі мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, беларускіх уніяцкіх сьвятароў на эміграцыі, але й звычайных вернікаў, якія засталіся на Бацькаўшчыне. Усе былі адзіныя ў тым, што экзарх загінуў ад нямецкіх рук, але ня было дакладнае даты, месца ягонае сьмерці.


Найбольш на эміграцыі пра экзарха а. А. Неманцэвіча пісаў а. Леў Гарошка. На старонках выдаванага ім у Парыжы уніяцкага часопіса “Божым шляхам” зьявілася некалькі прысьвечаных яму артыкулаў і шмат згадак. Ужо ў першым нумары за кастрычнік 1947 г. у артыкуле “Агульны агляд сучаснага беларускага рэлігійнага жыцьця” а. Гарошка пісаў:


“С л а в. – к а т а л. (Уніяцкая) Ц а р к в а.


Да 1939 г. на ўсім абшары Беларусі было толькі 30 прыходаў гэтае Царквы. Амаль усе яны знайходзіліся ў стане арганізацыі, а некаторыя, з прычыны варожых адносінаў мяйсцовае ўлады, былі ўвесь час пад пагрозаю ліквідацыі. У часе самае вайны быў створаны Экзархат з а. Антонім Неманцэвічам на чале, але як толькі ён выйшаў з укрыцьця і пачаў наладжваць сваю дзейнасьць, нямецкае С. Д. арыштавала а. Экзарха і замучылі насьмерць. Падчас спробы прадаўжаць дзейнасьць Экзархата, намесьнік Экзарха атрымаў загад з недвузначнымі пагрозамі перанесьціся ў “іншае мейсца”. З угляду на сучаснае палажэньне гаварыць аб іншых асобах і далейшай дзейнасьці Экзархату немагчыма. Нядаўна былі няясныя весткі аб існаваньні на абшары Беласточчыні і Падлясься 7-і прыходаў з паменшаным лікам вернікаў, 8 прыходаў зачынена, а аб іншых няма вестак”.


У студзені 1948-га ў гістарычным нарысе “Няўміручая ідэя” а. Гарошка падае й верагодную дату сьмерці Экзарха:


“Падчас першае бальшавіцкае акупацыі тайна быў утвораны для Беларусі Грэка-Каталіцкі (Уніяцкі) Экзархат, але падчас нямецкае акупацыі Экзарх а. Неманцэвіч з прычыны злосных інтрыгаў, загінуў трагічна з рук нямецкіх С. Д. ў сьнежні 1942 г.” (Божым шляхам, № 1 (4), студзень 1948 г.). Аж да канца 90-х гадоў гэтая дата гібелі экзарха а. Антона Неманцэвіча лічылася найбольш верагоднай.


Першую біяграфію экзарха а. Антона Неманцэвіча а. Леў Гарошка (пад псеўданімам “Радны”) надрукаваў у часопісе “Божым шляхам” у № 11-12 (26-27) за лістапад-сьнежань 1949-га. У артыкуле “Першы Беларускі Экзарх” ён пісаў:


“Сёлета ў сьнежні месяцы мінаюць сёмыя ўгодкі ад дня трагічнае сьмерці першага экзарха Беларускае Грэка-каталіцкае (уніяцкае) Царквы а. Антона Неманцэвіча.


Нядоўгі быў час ягонае ахвярнае дзейнасьці на Беларусі, але надзвычайна важны для аднаўленьня беларускага рэлігійнага жыцьця.


Паняволенае палажэньне нашае бацькаўшчыны і тое нячуванае рэлігійнае прыгнобленьне, якое там да сёньня пануе, не дазваляюць сабраць поўнасьцю матэрыялы аб жыцьці і дзейнасьці першага выдатнага дзеяча адноўленае гр.-каталіцкае беларускае Царквы. У сумныя ўгодкі ягонае трагічнае сьмерці, варта падаць да агульнага ведама, хоць тыя важнейшыя мамэнты з ягонага жыцьця, якія да гэтага часу ўдалося сабраць”.


У артыкуле падавалася, што ў 1944 годзе біскуп Гэнрык Вінкэн атрымаў ад нямецкіх уладаў паведамленьне, што “а. Неманцэвіч памёр на тыф у сьнежні 1942 г. у адным з концлягэраў. Дакладнага мейсца сьмерці не азначана. Аднак ведама, што а. Неманцэвіч хварэў на тыф у маладосьці, таму больш праўдападобна, што ён проста быў закатаваны”.


У гэтым жа нумары “Божым шляхам” была зьмешчана караценькая зацемка “Сёмыя ўгодкі сьмерці а. экзарха А. Неманцэвіча”:


“Сёлета ў сьнежні месяцы споўнілася 7 гадоў ад часу трагічнае сьмерці першага экзарха грэка-каталіцкае Беларускае Царквы а. Антона Неманцэвіча. З гэтае нагоды Рэктар Беларускае Рэлігійнае Місіі ў Парыжу адправіў Службу Божую за а. Экзарха”.


Больш грунтоўную біяграфію экзарха а. Леў Гарошка надрукаваў у 1956 годзе пад назовам “Айцец Антон Неманцэвіч” (“Божым шляхам”, № 70-75, студзень-сьнежань 1956 г.). Згадваючы мінулую публікацыю, а. Гарошка адзначыў, што той жыцьцяпіс быў “вельмі няпоўны і з некаторымі недакладнасьцямі”. Аднак і ў гэтым матэрыяле недакладнасьцяў пазьбегнуць няўдалося. Напрыклад, у тым, што “сёлета мінае 15 гадоў ад праўдападобнае даты ягонае сьмерці”. Насамрэч, на 1956 год, па вэрсіі а. Гарошкі, прыпадалі 14-ыя ўгодкі з дня сьмерці экзарха а. Неманцэвіча.


а. Леў Гарошка ў названай публікацыі зноў згадвае інфармацыю Гэнрыка Вінкэна, што “а. Неманцэвіч памёр на тыф уканцы 1942 г.”, а таксама дадае й зьвесткі, здабытыя мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. Мітрапаліт атрымаў афіцыйны адказ ад немцаў у лістападзе 1943-га й там паведамлялася, што “а. Неманцэвіч памёр на плямісты тыф у пачатку 1943 г.”. У артыкуле “Айцец Антон Неманцэвіч” а. Леў Гарошка разьвівае тэму, чаму немцы падавалі прычынай сьмерці экзарха тыф. На ягоную думку, гэта ня толькі спроба схаваць сваё злачынства, але й спроба падвесьці да таго, што экзарх сам вінаваты ў сваёй сьмерці, бо неасьцярожна, нягледзячы на нямецкую забарону, наведваў лягеры савецкіх ваеннапалонных каля Слоніма, у тым ліку і хворых на тыф. “Пры гэтым а. Гэрмацюк заразіўся тыфам і памёр вясною 1942 г. — піша а. Гарошка. — Трэба дагадвацца, што а. Антон Неманцэвіч быў проста закатаваны ў падзямельлях менскага гэстапо”.









All the contents on this site are copyrighted ©.