З 17 па 19 кастрычнiка 2008 г. у Баранавічах (Дом «Святой Тройцы») адбудуцца рэкалекцыі
для сужэнстваў, якія арганізоўвае рух «Сужэнскія сустрэчы». У гэтым годзе рэкалекцыі
будуць праходзіць таксама 14–16 лістапада і 5–7 снежня. Удзельнікамі могуць стаць
усе жадаючыя пары, незалежна ад веравызнання, а таксама наяўнасці або адсутнасці шлюба,
заключанага ў царкоўных ці дзяржаўных установах.
«Сужэнскія сустрэчы» —
рух у Каталіцкім Касцёле, які арганізоўвае рэкалекцыі для сужэнцаў з мэтай паглыблення
і аднаўлення, а часта — адбудовы сужэнскіх саюзаў. Заснавалі рух Ірэна і Ежы Гжыбоўскія
з Польшчы ў 1977–1978 гадах. Цяпер гэты рух распаўсюджаны ў краінах Цэнтральнай і
Усходняй Еўропы: Літве, Латвіі, Малдове, Расіі, Румыніі і Украіне. Рух «Сужэнскія
сустрэчы» праводзіць таксама «Вечарыны для закаханых» і «Рэкалекцыі для нарачоных»,
якія падрыхтоўваюць маладых людзей да сакрамэнту шлюбу.
У Беларусі сустрэчы
для сужэнцаў-пачаткоўцаў некалькі разоў на год праходзяць у Баранавічах. Пастаянныя
ўдзельнікі руху штомесяц збіраюцца ў парафіі Маці Божай Ружанцовай ў мінскім мікрараёне
Лошыца. Праводзяць іх Алена і Павел Кузьміцкія, а мадэратарам руху ў Мінска-Магілёўскай
архідыяцэзіі з’яўляецца пробашч парафіі а. Генадзь Кухарэвіч CSMA. Удзельнікамі «Сужэнскіх
сустрэчаў» у Мінску з’яўляюцца каля пяцідзесяці сужэнскіх пар з розных парафій сталіцы.