2008-09-30 13:19:30

Папа разьвітаўся з Кастэльгандольфо ды сустрэўся з біскупамі Казахстану


У аўторак 30-га верасьня Папа Бэнэдыкт 16 вярнуўся ў Ватыкан. Ужо пры нагодзе багародзічнае малітвы “Анёл Гасподні” ў нядзелю 28-га верасьня ён разьвітаўся з жыхарамі Кастэльгандольфо. У панядзелак пасьля абеду адбылася традыцыйная аўдыенцыя з падзякаю для тых, якія ў асаблівы спосаб сачылі за знаходжаньнем Папы ў гэтым гарадку. На штогадовую сустрэчу згодна са звычаям запрошана: біскупа дыяцэзыі Альбано, да якой належыць Кастэльгандольфо, мясцовага пробашча, законніцы, што там працуюць, бурмістра ды гарадзкія ўлады. Да яго ўдзельнікаў далучыўся таксама пэрэсанал папскае летняе рэзыдэнцыі, ватыканская жандармэрыя і Швейцарская Гвардыя ды італьянскія карабінеры і салдаты вайсковае авіяцыі, якія выконваюць службу ў часе палётаў Папы верталётам і самалётам.
Апрача таго на прыватных аўдыенцыях у панядзелак 29-га верасьня Бэнэдыкт 16 прыняў пяцёх біскупаў з Казахстану, якія прыбылі з візытам “ад Ліміна”, ў тым ліку арцыбіскупа Тамаша Пэту з Астаны, які кіруе тамашнім Эпіскапатам.








All the contents on this site are copyrighted ©.