2008-09-29 12:34:23

Слуга Божы айцец Міхал Сапоцька


28 верасьня 2008 году ў Беластоку да ліку Блаславёных Каталіцкай Царквы будзе залічаны сьвятар Міхал Сапоцька - ураджэнец Беларускай Зямлі. Для Каталіцкай Царквы ў Беларусі гэта будзе асаблівы дар Божы – новы Заступнік перад Міласэрным Хрыстом, руплівым апосталам Якога быў ва ўсім сваім сьвятарскім служэньні а. Міхал. У беатыфікацыі будуць удзельнічаць беларускія каталіцкія ярархі, у тым ліку і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).


Айцец Міхал Сапоцька быў трэцім, наймалодшым дзіцём Вінцэнта Сапоцькі і Эміліі Паўловіч. Ён нарадзіўся 1 лістапада 1888 году, ва ўрачыстасьць Усіх Сьвятых, на Ашмяншчыне, у невялікім маёнтку Юшаўшчызна, які арэндаваў ягоны бацька. Сёньня толькі памятная шыльда на сучасным касьцёле ў Забрэзьзі каля Валожына нагадвае, што ён нарадзіўся на тэрыторыі Забрэзкай рыма-каталіцкай парафіі. Але хрысьціяне Беларусі – рыма-католікі, грэка-католікі, некаторыя праваслаўныя – ўсё больш і больш асэнсоўваюць плёны нястомнай апостальскай працы айца Міхала, духоўніка сьвятой манахіні Фаўстыны (Кавальскай) і вялікага Апостала Божай Міласэрнасьці.


Ашмяны, Таборышкі, Варшава, Вільня, Беласток – Беларусь, Літва, Польшча – гэта асноўныя рэгіёны служэньня а. Міхала. Ён нёс там душпастырскае служэньне вернікам розных народаў, традыцыяў, моваў: палякам, беларусам, літоўцам, расейцам. Ён нёс дапамогу і апеку габрэям... Ягонае жыцьцё было абвяшчаньнем ды сьведчаньнем пра бязьмежную Божую Міласэрнасьць.


Гэта дбаньнем а. Міхала Сапоцькі быў напісаны ў Вільні ў 1934 годзе першы абраз Ісуса Міласэрнага з подпісам Jezu, ufam Tobie - Ісусе, давяраюся Табе! 4 красавіка 1937 году а. Міхал Сапоцька зьмясьціў гэты Абраз у касьцёле сьв. Міхала ў Вільні. А калі ў 1948 годзе камуністычныя ўлады зачынілі той касьцёл, Абраз перахоўваўся шмат гадоў на Беларусі, у парафіяльным храме ў Новай Рудзе каля Горадні. Пазьней сьвяты Абраз перавезьлі ў Вільню і, дзякуючы руплівасьці віленскіх душпастыраў Аляксандра Кашкевіча і Тадэвуша Кандрусевіча, зьмясьцілі ў касьцёле Сьвятога Духа. Сёньня гэты Абраз ушаноўваецца ў Вільні ў адмысловым міжнародным Санктуарыі, на сьценах якога зьмешчаны надпіс і па-беларуску.


У візантыйскай літургічнай традыцыі ёсьць шмат тэкстаў, якія паказваюць нам Міласэрнага Хрыста Чалавекалюбца. У апошнія дзесяцігоддзі евангельская праўда пра Божую Міласэрнасьць атрымала больш глыбокае асэнсаваньне ў кантэксьце зьяўленьняў Ісуса Міласэрнага сьвятой манахіні Фаўстыне (Кавальскай) ў блізкім сэрцам беларусаў горадзе Вільні.


Асэнсаваньне багаслоўскага зьместу візіяў сястры Фаўстыны патрабавала шмат намаганьняў вопытных тэолагаў. Першым з іх быў айцец прафесар Міхал Сапоцька. Паводле пэўных зьвестак культам Божай Міласэрнасьці цікавіўся таксама львоўскі грэка-каталіцкі мітрапаліт – Слуга Божы Андрэй Шаптыцкі, які лічыў гэты культ сугучным з усходняй багаслоўскай і літургічнай традыцыяй.


На самой справе на працягу мінулых дзесяцігоддзяў католікі розных ўсходніх Цэркваў паступова ўвялі ў сваю багаслужбовую практыку шанаваньне Божай Міласэрнасьці.


Месцам асаблівага шанаваньня Божай Міласэрнасьці ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве ёсьць Санктуарый Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне - горадзе, недалёкім ад месца нараджэньня а. Міхала Сапоцькі Гэты ж Санктуарый Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладэчне – пры супрацоўніцтве Грэка-каталіцкай парафіі Сьвятапакутніка Язафата ў г. Полацку – падрыхтаваў да друку кніжку Мансіньёра Кшыштафа Ніткевіча, Падсакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, Пастулатара беатыфікацыйнага працэсу, у якой коратка, зьмястоўна і кампетэнтна прадстаўляецца жыцьцёвы шлях Слугі Божага Міхала Сапоцькі – духоўніка сьвятой Фаўстыны і нястомнага Апостала Божай Міласэрнасьці.


Выдаўцы спадзеваюцца, што кніжка “На шляхах Божай Міласэрнасьці. Блаславёны Міхал Сапоцька – духоўнік сьвятой Фаўстыны”, распаўсюджваньне якой пачнецца праз некалькі дзён, дапаможа шматлікім хрысьціянам Беларусі духова асэнсаваць каштоўнасьць і актуальнасьць сьведчаньня Слугі Божага Міхала Сапоцькі пра Божую Міласэрнасьць.










All the contents on this site are copyrighted ©.