2008-09-29 12:44:38

Расія: пілігрымка з Казахстана


Пілігрымка з 20-ці святароў і 25-ці сясцёр законных на чале з арцыбіскупам Астаны (Казахстан) Томашам Пэтам наведала Расію.


Пілігрымы завіталі ў Казань, дзе маліліся перад абразом Маці Божай Казанскай, які ў 2004 г. быў вернуты праваслаўным вернікам Расіі Янам Паўлам ІІ. У Маскве, у сядзібе Патрыярха ў манастыры святога Даніэля, яны сустрэліся з прадстаўніком Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату святаром Ігарам Выжанавым. Па словах арцыбіскупа Астанскага сустрэча «праходзіла ў сардэчнай атмасферы». Пра пілігрымку быў паінфармаваны Патрыярх Алексій ІІ, які ў сваіх лістах, скіраваных у Казань, Маскву і Сергіеў Пасад, прасіў аб цёплым прыёме каталіцкага духавенства з Казахстана. З-за дрэннага стану здароўя Алексій ІІ не змог асабіста сустрэцца з пілігрымамі.


Удзельнікі пілігрымкі маліліся ў трох інтэнцыях: аб еднасці хрысціянаў, захаванні свабоды рэлігіі і сумлення ў Казахстане ў сувязі з існуючымі спрэчкамі на гэтую тэму ў парламенце, а таксама за Касцёл у Казахстане.


У размове з праваслаўным святаром Ігарам Выжанавым арцыбіскуп Томаш Пэта прапанаваў правесці ў Казахстане перэгрынацыю копіі абраза Маці Божай Казанскай у каталіцкіх касцёлах і праваслаўных цэрквах у знак братэрскай еднасці паміж абодвума вызнаннямі. Святар Ігар Выжанаў падтрымаў гэтую ідэю і параіў прадставіць праект Патрыярху Алексію ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.