2008-09-26 14:42:43

Пасяджэньне Асамблеі Міжканфэсійнай місіі "Хрысьціянскае сацыяльнае служэньне"


19 верасня 2008 г. у Калодзішчах у Доме міжцаркоўнага дыялогу «Кінонія» адбылося пасяджэнне Асамблеі Міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне». У пасяджэнні прымаў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся з прывітальным словам да дырэктара Міжканфесійнай місіі спадара Мікалая Матрунчыка і ўсіх удзельнікаў асамблеі. Арцыбіскуп падкрэсліў важнасць вырашэння «пытання міжканфесійных адносінаў у абставінах выклікаў сучаснасці»: «Гэта праблема, якую ўсім хрысціянам трэба вырашаць як мага хутчэй і супольна, асабліва беручы пад увагу нарастаючыя працэсы секулярызацыі. Цешыць таксама і тое, што падчас працы Асамблеі будзе разгледжана пытанне аб развіцці патэнцыялу хрысціянскіх Цэркваў Беларусі, што вельмі актуальна на сучасным этапе іх развіцця, каб мець большыя магчымасці для сваёй дзейнасці».


Мітрапаліт выказаў надзею, што «праца Асамблеі і прынятыя рашэнні ўзмоцняць як саму Міжканфесійную місію „Хрысціянскае сацыяльнае служэнне“, так і нададуць ёй большы дынамізм, а таксама будуць спрыяць развіццю міжхрысціянскіх адносінаў у нашай Айчыне, каб мы ўсе былі адно».


Міжканфесійная місія «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне» — рэлігійная арганізацыя, якая займаецца развіццём міжцаркоўных сувязяў у сферы сацыяльнага служэння і садзейнічання міжцаркоўнаму дыялогу на нацыянальным і міжнародным узроўнях, маніторынгам сацыяльных праблемаў, распрацоўкай і здзяйсненнем сумесных сацыяльных і духоўна-адукацыйных праграмаў і праектаў, а таксама аказаннем метадычнай дапамогі арганізацыям, якія здзяйсняюць сацыяльнае служэнне.


Заснавальнікамі місіі з’яўляюцца Беларуская Праваслаўная Царква, Саюз евангельскіх хрысціянаў баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне «Саюз Евангелістычна-лютэранскіх абшчын у Рэспубліцы Беларусь». У дзейнасці арганізацыі ў якасці наглядальніка прымае ўдзел Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.










All the contents on this site are copyrighted ©.