2008-09-08 10:07:46

Сустрэча з духавенствам, сэмінарыстамі ды супольнасьцю Папскага Тэалагічнага Факультэта


Пасьля абеду Папа сустрэўся ў Саборы гораду з духавенствам, сэмінарыстамі і супольнасьцю Папскага Тэалагічнага Факультэта. У сваёй прамове да іх Сьвяцейшы Айцец падкрэсьліў, што Сардэнія мела многа сьвятароў, якія як сапраўдныя настаўнікі веры пакінулі па сабе цудоўныя прыклады вернасьці Хрысту і Касьцёлу. Гэтая спадчына даручана цяпер сучасным сьвятарам, якія працуюць на гэтым востраве ды тым, якія да сьвятарства падрыхтоўваюцца.
Выхавацеляў і выкладчыкаў у Духоўных Сэмінарыях Папа заахвоціў, каб апрача перадаваньня ведаў вялі алюмнаў да асабістага дасьведчаньня Бога цераз супольную і асабіскую малітву ды Эўхарыстыю. Сэмінарыстам прыпомніў, што маюць быць сьведкамі Божае ласкі і Яго любові. Ёсьць важным, каб апрача навукі і душпастырскіх практык, на першым месцы яны ставілі цесную сувязь з Хрыстом. У гэтым менавіта- прыпомніў Бэнэдыкт 16- заключаецца сакрэт апостальскага посьпеху. На заканчэньне Папа падзякаваў сьвятарам, законнікам ды законніцам за ахвярную працу, таму што “без хрысьціянства- як заўважыў- Сардэнія была б проста слабою і ўбогаю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.