2008-09-05 12:55:22

Памяці айца Яна Матусевіча


Гэтага сьвятара ведалі многія ў Беларусі. Мажны, абапіраючыся на кавеньку, ён прыходзіў на сходы і мітынгі. Ён быў першы рыма-каталіцкі сьвятар, які ў гады перабудовы загаварыў да шырокай аўдыторыі. І загаварыў па-беларуску. Сёньня – набажэнства і літургія ў яго памяць. Піша Анатоль Сідарэвіч.
Ён прыйшоў у Вільні на Ўстаноўчы зьезд Беларускага Народнага Фронту, каб нагадаць пра хрысьціянскія традыцыі і хрысьціянскія каштоўнасьці. Паколькі зьезд праходзіў у дзень сьвятога Яна Хрысьціцеля, ён запрасіў яго ўдзельнікаў на імшу ў касьцёл сьвятога Мікалая — той самы касьцёл, у якім шмат гадоў, аж да трагічнага арышту, служыў айцец Адам Станкевіч.
З айцом Адамам гэтага ксяндза яднала не толькі тое, што яны былі беларускімі сьвятарамі рыма-каталіцкай Царквы. Тыя, хто пазнаёміўся з айцом Янам бліжэй, ведаў, што ён, як ксёндз Адам Станкевіч, — бібліяфіл і што асаблівым ягоным хобі было зьбіраньне кніг пра мастацтва.
Як і ксёндз Адам Станкевіч, айцец Ян глядзеў на хрысьціянства ў Беларусі не з вузкаканфэсійнага гледзішча. Ён быў адкрыты для дыялёгу з праваслаўнымі і пратэстантамі. І таму невыпадкова ён стаў адным з сузаснавальнікаў Беларускага біблійнага таварыства, у якое ўвайшлі прадстаўнікі розных канфэсіяў і дэнамінацыяў.
Мажліва гэтай адкрытасьці спрыяла тое, што рыма-каталіцкі сьвятар Ян Матусевіч (так склалася) скончыў праваслаўную духоўную сэмінарыю і добра ведаў багатыя духоўныя трыдыцыі хрысьціянскага Усходу.
Сьвятло Ўсходу (так называлася адно з Апостальскіх пасланьняў Папы Яна Паўла ІІ) заўсёды было ў сэрцы, у сьвядомасьці рыма-каталіцкага сьвятара Яна Матусевіча. Да таго ж ён і служыў у асаблівай мясцовасьці — у Барунах, што на Ашмяншчыне. Служыў у сьценах былога ўніяцкага манастыра. У гэтых базыльянскіх мурах ён сузіраў абраз Маці Божае Барунскае, які шануюць і каталікі, і праваслаўныя. Маліўся да яго. І той, хто ведаў айца Яна, анітрохі не зьдзівіўся, калі на самым заранку другога абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ён стаў грэка-каталіцкім сьвятаром.
Бо хто такі грэка-каталік, уніят? Гэта праваслаўны, які жыве ў адзінстве з Рымам, з пасадам апостала Пятра. Праваслаўны, які не хоча падзелу хрысьціянства на ўсходняе і заходняе.
Тады, на пачатку 1990-х, Ян Матусевіч быў другім грэка-каталіцкім сьвятаром у Беларусі. Першым быў ужо немалады былы вязень ГУЛАГу айцец Віктар Данілаў, якога таемна высьвяцілі яшчэ ў савецкі час. Айцец Віктар жыў у Гродне. І таму дэканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы быў пастаўлены маладзейшы за айца Віктара на дваццаць гадоў жыхар сталіцы айцец Ян Матусевіч.
Нехта яшчэ напіша гісторыю станаўленьня сучаснае Грэка-Каталіцкае Царквы ў Беларусі, гісторыю заснаваньня першай парафіі Сьвятога і Праведнага Язэпа ў Менску, якая адпраўляла літургію то на прыватных кватэрах, то ў падвалах, то ў «чырвоных кутках». Нехта яшчэ напіша пра тыя перашкоды Царкве, якія чыніла і чыніць ёй дзяржаўная ўлада. Але такая ўжо ў нас зямля, такая глеба, дзе сышліся Усход і Захад, грэцкія і лацінскія традыцыі.
Цяпер БГКЦ мае больш за дваццаць парафіяў. І калі айцец Ян Матусевіч быў першым і адзіным дэканам Царквы, дык цяпер маецца два дэканаты. І адзін з дэкантаў, а таксама парафію Сьвятога Язэпа ўзначальвае гадунец айца Яна — протапрэзбітар Андрэй Абламейка. За гэтыя гады Царква атрымала пятнаццаць сьвятароў і мае сэмінарыстаў. А тое, што ў Беларусі зьявілася грэка-каталіцкае манаства, можна разглядаць як заруку будучыні Царквы, бо, як правіла, з манахаў паходзяць уладыкі, рэктары, прэфэкты.
З верай і надзеяй гледзячы ў будучыню, беларускія грэка-каталікі з удзячнасьцю згадваюць ў гэты дзень айца Яна Матусевіча, які пакінуў нас роўна дзесяць год таму.








All the contents on this site are copyrighted ©.