2008-08-22 15:39:18

З нашага цыклу "Біскуп Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг



Уладыка Чэслаў памёр на 67-м годзе жыцьця, 43 зь якіх ён правёў далёка ад Беларусі. Па-людзку кажучы, ён мог пражыць яшчэ дзесяць ці пятнаццаць плённых гадоў. Але Бог меў іншыя пляны. Айцец Уладзімер Тарасэвіч добра заўважыў, што «ніхто з нас ня можа быць пэўным, што дажыве ня то што да заўтрашняга, але нават да канца сёньняшняга дня».


У жыцьці Ўладыкі Чэслава здаралася нямала таго, што дзеля адсутнасьці лепшага слова можна назваць супадзеньнямі. Як малады клерык і сябар марыянскага закону ён безумоўна марыў пра жыцьцё і працу сьвятара на Бацькаўшчыне сярод свайго народу. Высяленьне з Друі паклала канец гэтым спадзяваньням. Праз чатыры тыдні пасьля высяленьня ён прыняў прапанову зьмяніць абрад і ехаць у Рым, каб рыхтавацца да працы сярод расейцаў. Гэта, відаць, зьдзівіла шмат каго, бо раней нічога ня сьведчыла пра ягонае зацікаўленьне ўсходнім абрадам і наагул усходнехрысьціянскім пытаньнем. Выезд у Рым стаў паваротным пунктам у ягоным жыцьці. Вайну Сіповіч перажыў у Рыме, бесперашкодна працягваючы навуку. Тая ж вайна і пасьляваенныя палітычныя абставіны не далі яму выехаць у Харбін. Няма ніякіх падставаў думаць, што ён маркоціўся з гэтае нагоды, нягледзячы на гарачыя заявы, што паляцеў бы туды як птушка. У Рыме Сіповіч меў шмат магчымасьцяў пераканацца ў бяспраўным становішчы беларусаў у Царкве. Сустрэчы зь беларускімі выгнанцамі пасьля вайны, асабліва з айцамі Гарошкам і Татарыновічам, назаўсёды акрэсьлілі кірунак ягонай далейшай дзейнасьці.


Калі гаварыць пра характар Уладыкі Чэслава, дык адной зь першых рысаў прыходзіць на думку ягоная ляяльнасьць. Ён быў ляяльны да Бога і Ягонай Царквы, да Беларусі, да марыянскага закону, да сваіх прыяцеляў і знаёмых. Хоць у дачыненьні да Бога гэта было нешта большае за ляяльнасьць – гэта была поўная адданасьць, якая не дапускала ніякіх сумневаў ці пярэчаньняў нават у найцяжэйшых выпрабаваньнях. Сьледам за сьвятым Пятром, да якога ён меў вялікую пабожнасьць, ён мог сказаць: “Да каго мы пойдзем, Госпадзе? Ты ж маеш словы жыцьця вечнага” (Ян 6:68). Данесьці гэтыя словы вечнага жыцьця да ўсіх людзей, згодна з загадам Хрыстовым “Ідзеце і навучайце ўсе народы”, стала асноваю пасланства апосталаў ды іхных пераемнікаў у Сьвятой Царкве. Так разумеў пасланство сваё і ўсіх сьвятароў Уладыка Чэслаў.


Біскупа Сіповіча варта назваць чалавекам вялікай сьмеласьці ды ініцыятывы. Ніякія перашкоды не маглі яго запалохаць у зьдзяйсьненьні ягоных задумаў. Ён меў усе якасьці вялікага дзяржаўнага дзеяча або бізнэсоўца і лёгка мог стацца тым ці другім, калі б не сьвятарскае пакліканьне. Але ён быў сьвятаром і нікім іншым. Адзіны “бізнэс”, які яго цікавіў, – Божы бізнэс: пашыраць вестку Збаўленьня і здабываць душы людзей для Бога. Глыбока і шчыра прывязаны да Каталіцкай Царквы і ўпэўнены ў сваіх рэлігійных перакананьнях, ён усёй душой імкнуўся да той хвіліны, калі ўсе хрысьціяне прыйдуць да зьяднаньня. Але ён ня мог трываць грубага і агрэсіўнага празэлітызму, гэтага рэлігійнага “паляваньня на розумы”.


Біскуп Сіповіч стаў экумэністам задоўга да таго, як каталікі навучыліся вымаўляць гэтае слова. Ягоны экумэнізм грунтаваўся на перакананьні ва ўнівэрсальнасьці адкупленчай ахвяры Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы чаму ўсе людзі, незалежна ад рэлігійных перакананьняў, пакліканыя быць дзецьмі Божымі. Таму да ўсіх трэба ставіцца зь любоўю і павагаю.


Біскуп Сіповіч быў беларусам. Дарма што дзьве траціны свайго жыцьця ён правёў далёка ад Беларусі, ягоная любоў да роднага краю і народу ніколькі ня зьменшылася. Можна сказаць, што ён меў Беларусь з сабою ў сэрцы. Любоў да свайго народу і жаданьне, каб ён быў свабодны і шчасьлівы, – пачуцьці, уласьцівыя кожнаму чалавеку. Безумоўна, жаданьне дабра свайму народу ня можа зьдзяйсьняцца коштам уціску іншых. У Беларусі доўгі час панавала такое становішча, калі тыя, хто стараўся накінуць беларусам сваю мову і культуру, называлі “нацыяналістамі” ўсіх, хто размаўляў на роднай мове. Гэта абурала біскупа і абражала ягонае пачуцьцё справядлівасьці. Яму балела, што сярод найбольш вінаватых у гэтай справе нямала каталіцкіх сьвятароў. Ён разумеў, што забараніць людзям славіць Бога ў роднай мове – гэта тое самае, што выгнаць ix з Царквы Хрыстовай. Такім чынам, ягоная бескампрамісная пазыцыя наконт роднай мовы была не праяваю нейкага “нацыяналізму”, а сьцьверджаньнем права беларусаў мець сваё месца ў Божай сям’і народаў.


Асновы сваёй “нацыянальнай палітыкі”, калі так можна сказаць, у рэлігійнай галіне Ўладыка Чэслаў ясна выклаў у лісьце за 2 лютага 1979 году да архібіскупа (пасьля кардынала) Вроцлаўскага Гэнрыка Гульбіновіча: «Нам ідзе пра Беларусь як народ і як дзяржаву. Мы ня маем уплыву на дзяржаву, хоць і яна не зьяўляецца вынікам выключна бальшавіцкіх махінацыяў, a вынікам у вялікай меры заслугаў нашых патрыётаў. Затое беларускі народ – гэта люд Божы, які ніколі ня згодзіцца на рэлігійны каляніялізм. У сёньняшняй Беларусі ані малодшае пакаленьне, ані нашая савецкая інтэлігенцыя ня ведаюць польскай мовы. Нягледзячы на вялікі націск русыфікацыі, там ёсьць беларуская мова. Гэта праўда, што рэжым ахвотна хацеў бы бачыць у католіках Беларусі палякаў, бо тады ён мог бы ix трактаваць як чужы элемэнт... Падняць Беларусь, адрадзіць яе рэлігійна можа толькі ўласнае беларускае духавенства, бо пакуль што ня бачу місіянераў у духу апостала Паўла, які быў грэкам для грэкаў, рымлянінам для рымлянаў. Калі Польшча ўжо дасьпела да гістарычнай місіі ў сэнсе Паўлавым, то яна зразумее і падтрымае беларускія рэлігійныя памкненьні, якія ня ёсьць ані штучныя, ані незвычайныя. Дай Божа, каб у імя нашай згоды, у імя супольнага дабра нашых народаў так сталася».










All the contents on this site are copyrighted ©.