2008-08-21 11:58:47

Генерал Таварыства Езуса наведвае Лiтву.


21-26 жнiўня кiраўнiк Таварыства Езуса а. Адольфо Нiколас наведае Лiтву. Нагода да яго вiзiта – святкаванне Лiтоўска-Латвiйскай правiнцыi Таварыства 400-ай гадавiны заснавання.
22 жнiўня айцец Адольфо ўзначалiць Святую iмшу ў вiленскай каталiцкай катэдры св.Казiмiра. 23 жнiўня ён будзе цэлебраваць Богаслужбу ў касцёле Iгната Лайолы ў Шаўляi.
24 жнiўня – у касцёле св.Францiшка Ксаверыя ў Каунасе. Пасля лiтургii высокi госць спаткаецца са свецкiмi вернiкамi i законнiцамi ў залi Каунаскай арцыдыяцэзii.
Першыя езуiты з’явiлiся ў сталiцы Вялiкага Княства Лiтоўскага ў 1569 годзе, па запрашэнню бiскупа Пратасевiча, а ўжо ў наступным годзе яны заснавалi ў Вiльнi калегiўм для навучання мясцовых маладых людзей. Ужо ў 1579 годзе гэта навучальная ўстанова атрымала статус унiверсiтэта. У 1575 годзе айцы-езуiты адкрылi ў Вiльнi ўласную друкарню. У 1580 годзе быў прыняты ў Таварыства Езуса першы святар-лiтовец, а ў 1598 годзе была створана лiтоўская вiце-правiнцыя ў якую ўваходзiлi ў 1599 годзе 62 езуiта, а ў 1700 годзе iх было ўжо 712 чалавек.
На пачатку езуiты кiравалi семiнарыяй у Варняi. У 1608 годзе была створана асобная Лiтоўская правiнцыя закону. Пасля аб’явы аб забароне Таварыства ў 1773 годзе многiя езуiты пераехалi ў Полацк i iншыя гарады Расейскай iмперыi, дзе забарона Папы Клiмента XIV° на iснаванне Таварыства некаторы час не дзейнiчала. Але ў 1820 годзе, ужо пасля аднаўлення Таварыства Езуса ў свеце, яно было забаронена ў межах Расii i яго члены былi вымушаны пакiнуць Расейскую iмперыю.
Новая гiсторыя Лiтоўскай правiнцыi езуiтаў распачалася ў 1919 годзе, калi быў высвячаны першы брат з Лiтвы. У 1930 годзе Лiтоўская правiнцыя была адноўлена афiцыйна. Па дадзеных на 1941 год у яе склад уваходзiла 87 асобаў.
Пасля II° Сусветнай вайны практычна ўсе лiтоўскiя айцы-езуiты былi арыштаваны. Новае адраджэнне надыйшло ў 1989 годзе, калi Таварыству былi звернуты тры касцёла: у Вiльнi, Коўна i Шауляi.







All the contents on this site are copyrighted ©.