2008-08-09 13:12:28

З нашага цыклу "Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"


Прыходзіла разуменьне, што час падарожжаў вакол сьвету ўжо скончыўся, але Ўладыка ўсё яшчэ езьдзіў у Рым. Увосень 1980 году ён наведаў Парыж, дзе 28 верасьня адслужыў Архіерэйскую Літургію для беларусаў з усіх куткоў Францыі, а таксама з Бэльгіі ды Гішпаніі. Гэта было ягонае апошняе пастырскае падарожжа. У Лёндан ён вярнуўся вельмі стомлены.


Пры канцы 1980 году лёнданская філія Ўкраінскага ўнівэрсытэту сьв. Клімэнта (заснавальнік кардынал Сьліпый) запрасіла Ўладыку Чэслава прачытаць курс лекцыяў пра Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву. Першая лекцыя адбылася 11 сьнежня. Кардынал Сьліпый даслаў 28 студзеня 1981 году Ўладыку Чэславу ліст з падзякаю, у якім пісаў: «Даведваюся, што Вы мелі даклад у нашай унівэрсытэцкай філіі ў Лёндане і гэтым складаю Вам шчырую падзяку за гэты доказ Вашай дапамогі i братняга зразуменьня для нашай Царквы і Народу. Доля беларускага Народу цяпер больш сур’ёзная, як нашая, і няма ў сьвеце належнага водгуку на ягоныя цярпеньні і небясьпеку для яго існаваньня. Мы, украінцы, у гісторыі дзялілі разам шмат у чым долю і нядолю зь беларускім Народам. У маіх інтэрвэнцыях на розных форумах я згадваў, дзе магчыма, пра Ваш Народ і ягоную Царкву, і буду рабіць гэта і далей»172. Так скончылася напружанасьць у дачыненьнях паміж двума дастойнікамі, што ўзьнікла ў 1972 годзе праз розьніцу поглядаў на Кіеўска-Галіцкі Патрыярхат.


У апошнія гады свайго жыцьця Ўладыку Чэславу прыйшлося шмат пацярпець ад кампаніі нянавісьці і паклёпаў з боку таго, каго ён уважаў сваім прыяцелем. Гаворка ідзе пра Язэпа Пазьняка, каталіка, нашчадка вядомага роду Вайніловічаў. Айцец Чэслаў ведаў яго ад 1948 году, калі абодва жылі ў Лёндане, і дапамог яму атрымаць месца ў Лювэнскім Унівэрсытэце. З навукі Пазьняка нічога ня выйшла, і ў 1954 годзе ён вярнуўся ў Лёндан, дзе ажаніўся з ангелькай. Айцец Сіповіч даваў ім шлюб. Неўзабаве яны выехалі ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. Сьпярша жылі ў Нью-Ёрку, а ў 1972 годзе пераехалі ў Флярыду, пасьля таго як Язэп дзеля стану здароўя ў параўнаўча маладым веку пайшоў на пэнсію. Уладыка Чэслаў ужо біскупам стараўся заўсёды адведваць Пазьнякоў, нават калі гэта было для яго нязручна. У 1978 годзе стаўленьне Пазьняка да Ўладыкі раптам зьмяніліся. Спачатку тое выглядала на нейкую крыўду, быццам Уладыка Чэслаў не ацаніў належна ягоную ахвярнасьць і заслугі. Пасьля абвінавачаньні рабіліся ўсё горшымі і нерацыянальнейшымі. У адным з больш “памяркоўных” лістоў за 10 сакавіка 1980 году Пазьняк пісаў Уладыку: «На сваёй скуры я пазнаў тваю зьверскасьць і зьдзекі, і з дасьведчаньня скажу, што ты перавысіў i немцаў і бальшавікоў». Ён пачаў пісаць лісты супраць Уладыкі Чэслава да ўсіх знаёмых і да царкоўных уладаў. Большасьць людзей ведала добра Ўладыку Чэслава і таму ня верыла гэтым абвінавачаньням. Кастусь Мярляк зь Нью-Ёрку пісаў Уладыку Чэславу 4 красавіка 1980 году: «Хачу Вам напісаць пару слоў адносна мае размовы із сп. Пазьняком, якая адбылася тыдзень таму назад. Вось жа справа ў тым, што ён уважае сябе пакрыўджаным праз Вас, у той форме, што не ўдзеленая яму належная ўвага, на якую ён уважае поўнасьцю заслужыўся. Я асабіста ўважаю, што пералічаныя ім заслугі пераўвялічаныя, a таксама пераўвялічаная неўвага да яго, але справа ў тым, што ён мае станоўчы намер пісаць пра гэта ў прэсу, што я яму адраджваў і прасіў гэтага не рабіць, бо пазьней будзе напэўна шкадаваць». Праваслаўны біскуп Мікалай з Таронта так пісаў у гэтай справе 31 ліпеня 1980 году: «Прашу вашых пару слоў адносна сп. Пазьняка, каб ведаць пра яго. Зноў жа баюся, каб не папасьці ў бяду, бо падбухторшчыкаў цяпер даволі». Уся гэтая прыкрая справа доўжылася тры гады і напэўна ж не дадала здароўя Ўладыку Чэславу. Тым ня менш ён ніколі не сказаў дрэннага слова на Пазьнякоў і называў ix сваімі прыяцелямі. Толькі ўлетку 1981 году, незадоўга да сьмерці Ўладыкі, настаў нейкі ўмоўны спакой. Немагчыма зразумець раптоўнай зьмены ў стаўленьні Пазьнякоў да Ўладыкі Чэслава. Некаторыя думаюць, што тут не абышлося безь беларускіх камуністычных уладаў, бо нападкі на Ўладыку пачаліся неўзабаве пасьля таго, як Пазьняка адведаў ягоны брат з савецкай Беларусі.


У 1981 годзе беларусы ў Лёндане зьбіраліся адзначыць дзесяць гадоў Бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Урачыстасьць меркавалі правесьці 16–17 траўня. Перад тым, 21 красавіка, Уладыка Чэслаў меў ехаць на два тыдні ў Рым на генэральную капітулу марыянаў.


19 сакавіка айцец Надсан меў ехаць да канца месяца ў Парыж. Вярнуўшыся, ён не знайшоў Уладыкі Чэслава дома: 28 сакавіка яго ўзялі ў шпіталь на апэрацыю прастаты. Уладыка шмат пакутаваў, але ня траціў надзеі, што да Вялікадня вернецца ў Марыян Гаўз. Здарылася інакш. Дзьве першыя апэрацыі, 3 і 16 красавіка, не ўдаліся. Давялося рабіць трэцюю – 24 красавіка. Уладыка быў вельмі слабы. Дзень перад апэрацыяй ён выспавядаўся і атрымаў тайну алеепамазаньня. У сваім дзёньніку запісаў: «3-цяя апэрацыя 8.30 раніцы. Усе цярпеньні ахвярую за Каталіцкую Царкву, асабліва, каб Бог паклікаў больш добрых сьвятароў на беларускую ніву».












All the contents on this site are copyrighted ©.