2008-07-29 15:28:32

З нашага цыклу "Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


Зь Петрусём дачыненьні далей ня ладзіліся. Пасьля кароткага “замірэньня”, як памерла маці, ён зноў пачаў закідаць Чэслава лістамі з рознымі прэтэнзіямі i патрабаваньнямі. У 1974 годзе ён абараніў доктарскую працу i атрымаў месца выкладчыка ў Вышэйшай Пэдагагічнай Школе ў Быдгошчы. Ягоная жонка працавала лекарам. Такім чынам, яны жылі хоць ня вельмі багата, але бяды не цярпелі. Безумоўна, дзеці расьлі, а зь імі выдаткі, асабліва калі яны сканчалі сярэднюю школу i ішлі вучыцца далей. У 1979 годзе сын Артур пайшоў у Мэдычную Акадэмію ў Гданьску. Дачка Альдона намервалася паступіць на ангельскую філялёгію. Пятрусь хацеў, каб Чэслаў запрасіў яе ў Лёндан i даў магчымасьць вучыцца i працаваць. Але Альдона паказала свой незалежны характар: паехала ў Чэхію i працавала там на фабрыцы, каб зарабіць сабе на навуку.


Пятрусь дамагаўся таксама, каб брат запрасіў у Лёндан яго з сынам Артурам. Уладыка паслаў запрашэньне, але ў Петруся зноў узьніклі нейкія цяжкасьці i складанасьці. Да гэтага нечакана зьявіўся яшчэ адзін пляменьнік, Каміль, сын Петруся, але ягоная маці не была жонкаю апошняга. Ён напісаў да свайго дзядзькі. Чэслаў зьвярнуўся да Петруся, а той адказаў яму 15 жніўня 1979 году: «Калі ходзіць пра Каміля, гэта праўда такая, што ён ніколі не хацеў са мной спаткацца, a толькі цягнуў грошы ён i яго матка. Мой грэх быў такі, што пa-п’янаму падпісаў цывільны дакумент з яго маткай (г. зн. узяў цывільны шлюб. – А.Н.), ніколі ніякага касьцельнага сьлюбу з ней ніколі нідзе не браў... Ён толькі па дакументах мой нібы сын – такі, думаю, сукінсын як яго матка... Прашу ніякіх вестак пра мяне Камілю не падаваць... Прашу ніколі мне пра сукінсына не ўспамінаць... Мая глупата з Каміля маткай каштавала мне 6 тысяч злотых у год праз 25 гадоў – думаю, што хопіць». На асобным лісьце, як post scriptum, ён працягваў: «Маю шмат грахоў, але ніколі нікому не зрабіў крыўды, калі нам i Радзіме не рабілі. Помні, што такіх i падобных Каміляў за твой язык (г. зн. мову. – А.Н.) i край знойдзецца шмат, якія ўтапілі б цябе i нас у лыжцы солі. Добрая сволач, калі ад кагось, каго ніколі ня відзеў, ня знае, хоча вестак пра бацьку, а я, нібы “бацька” ад цябе даведваюся, што ён заграніцай... Мае пісьмы вельмі жорсткія, але ведай, брат, што ня многа ёсьць такіх, што пішуць у Польшы языком Купалы, i крывіцкая ў ніх плывець кроў». Можна было падумаць, што Пятрусь нявінна пакутаваў за беларускую справу169.


Уладыка Чэслаў ужо раней зь іншых крыніцаў нешта ведаў пра бурлівае мінулае Петруся, але не хацеў уздымаць шуму, каб не пашкодзіць іншым170. Цяпер, калі справа выйшла наверх, яго прыкра ўразіла няшчырасьць брата, ягонае нежаданьне ўзяць на сябе адказнасьць, a таксама злосьць i жорсткасьць да свайго сына i ягонай маці. Невядома, што напісаў Уладыка 15 верасьня (ён не пакінуў копіі), але, напэўна, гэта быў моцны ліст, бо Пятрусь адказаў ужо ў іншым тоне: «Магчыма, што я ўжо крыху адпакутаваў, але ў жыцьці i награшыў нямала – калі гэта бальшыя грахі. Памаліся i за нашу сямейку».


Гэта ўсё здарылася незадоўга перад першым інфарктам Уладыкі Чэслава, a магчыма, нават i спрычынілася да яго. Пятрусь слаў ліст за лістом, але Чэслаў змог адказаць толькі 7 сьнежня: «За твае лісты i за апошнюю пісульку (на імяніны) – шчыра дзякую... Я не магу сьцярпець псыхалягічна i няма сілаў фізычных дзеля тваіх некаторых фокусаў. Быў час, што я цябе i твайго сына запрасіў, чаму не скарыстаў? Таму паўтараю: ніякіх запросінаў высылаць ня буду, a калі жадаеш да мяне прыехаць – прыяжджай!.. Гэта ня значыць, што я цябе не жадаю. Не! Наадварот, для мяне было б вельмі пажаданым, каб з табой пабачыцца. Я цяпер чуюся слаба. Больш месяца моцна хварэў. Зусім мала не хватала, каб адышоў на векі. Дактары прыказалі праз 6 тыдняў не працаваць... Усё разам, крыху за многа! Пры гэтым усім я патрабую супакою, а кожная нетактоўнасьць людзей мае ўплыў i на здароўе. Гадуй сваіх дзетак, але ж добра было б, каб яны ведалі, хто іхні бацька. Яны вучацца, – ты пішаш, – па-ангельску, але ж чаму не навучыць ix прынамсі чытаць па-свойму? Сумна мне часам i вельмі сумна за маю сям’ю. Сплетні, заздрасьці i інш. Як я цяпер раздумваю, дык нашы бацькі сапраўды былі добрымі i разумнымі. А мы? Ці дарасьлі мы да ix?»


Пятрусь адказаў 21 сьнежня: «Ведай, што мае дзеткі вельмі добра чытаюць па бел. i Ядзя таксама – лацінскімі і кірыліцай... Мне ня можаш, дык запрашэньні не высылай. Некаторыя прыяжджаюць так. Ведай, што мяне сустракаюць розныя прыкрасьці праз тваю дзейнасьць... На тым сьвеце мы не спаткаемся. Думаю, што пісаць да цябе больш ня трэба. Жыві са сваім музэем і бібліятэкай. Жаль, што звычайныя работнікі больш могуць пагутарыць з роднымі як мы... Ну, я не ўладыка і барады ня маю. Памаліся за нас, калі хочаш. Мне ўжо 55 а табе 65 ударыла гадкоў. Хопіць нашай перапіскі... Жыві, браток, i ведай, што гэта магчыма апошняя пісулька да цябе. Я таксама ня маю часу ані ахвоты на каленях прасіць як каб сустрэцца».


Было ясна, што Пятрусь нічога не навучыўся і лічыў сябе пакрыўджаным. Ён надалей, як i у 1951 годзе, вінаваціў Чэслава ў прыкрасьцях, якія яго напаткалі ў жыцьці. Цяжка сказаць, што гэта за прыкрасьці. У 1958 годзе ў Беластоку ён вучыўся ў г. зв. вячэрнім унівэрсытэце марксызму-ленінізму пры ваяводзкім камітэце Польскай аб’яднанай рабочай партыі (так называлася польская камуністычная партыя. – А.Н.). Наведваньне гэтага “ўнівэрсытэту” не было абавязковым, хіба толькі для кандыдатаў у камуністычную партыю. Вельмі магчыма, што Пятрусь меў намер дзеля кар’еры ўступіць у партыю, але яго не прынялі, бо меў за мяжою брата – сьвятара i беларускага патрыёта171. Адсюль крыўда на Чэслава.










All the contents on this site are copyrighted ©.