2008-07-21 13:40:00

У Івянцы закончылася Міждыяцэзальная Сустрэча Моладзі


Раніцай 20 ліпеня 2008 г. у Івянцы распачалася ўрачыстая святая Імша на завяршэнне Міждыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі. Цэлебраваў яе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і шматлікія святары. Арцыбіскуп Тадэвуш прамовіў гамілію, у якой, між іншым, адзначыў: «Свет і чалавек — гэта поле пастаяннай барацьбы дабра і зла, і ў гэтай барацьбе Бог чакае, чакае да канца, чакае ажно да жніва, каб чалавек навярнуўся, бо Ён багаты на міласэрнасць, як навучае св. Апостал Павел».
«Бог не мсцівы, але любячы Айцец, — працягваў Мітрапаліт. — Велічыня Бога праяўляецца ў Яго велікадушнасці, і гэта азначае, што Ён прабачае і дапамагае чалавеку навярнуцца. Ён умацоўвае чалавека ў надзеі, у якой мы збаўленыя, як навучае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI».
Напрыканцы свайго выступлення арцыбіскуп заклікаў: «Кожны з нас, усе мы таксама пакліканыя да вельмі адказнай місіі — абвяшчаць Евангелле ў сучасным свеце, быць місіянерамі, несці Добрую Навіну сучаснаму чалавеку. У Хрыста няма іншага плана. Мы ўсе павінны стаць сучаснымі Апосталамі, асабліва сучасным „Паўламі“, вера якога не была тэарэтычнай, але праяўлялася ў бясконцай любові да Бога, як кажа Папа Бэнэдыкт XVI. Гэтую веру ён нёс усім народам праз абвяшчэнне Евангелля і асабістае сведчанне аб Хрысце. Няхай нашым гонарам, заданнем і абавязкам будзе асвячаць свет збаўчаю праўдаю Езуса Хрыста, у якой Ён зможа вырашыць усе свае праблемы і дасягне збаўлення. Калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?», — гэтымі словамі арцыбіскуп Тадэвуш завяршыў сваю прамову. Перад удзяленнем благаслаўлення ў чарговы раз адбылося прамое ўключэнне з Сіднэя, і ўсе прысутныя на Літургіі маглі назіраць за развітаннем Папы Рымскага з моладдзю ў Сіднэі.
Пасля прамога ўключэння з Аўстраліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі шчыра падзякаваў усім тым, хто прысутнічаў на ўрачыстай супольнай малітве і ўсім тым, хто прычыніўся да арганізацыі гэтай трохдзённай моладзевай сустрэчы. Вернікі далучыліся да падзякі гучнымі апладысментамі і радаснымі воклічамі.
паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.