2008-07-07 14:11:12

Прапануем вашай увазе чарговыя старонкi з Кампендiума сацыяльнай дактрыны Царквы.


1. Служэнне чалавеку
552 Першая з задач, якiя стаяць перад свецкiмi вернiкамi ў сацыяльнай сферы, - служыць чалавечай асобе. Сцверджваць годнасць кожнай асобы – гэта самая каштоўная ласка, якую мае чалавек; гэта “важная i нават, у пэўным сэнсе, цэнтральная i аб’ядноўваючая задача таго служэння, якое Царква i ў ёй свецкiя вернiкi заклiканы выконваць у сямье людзей”.
Першая форма, у якой гэта задача вырашаецца, - iмкненне i прыкладанне высiлкаў да ўласнага ўнутранага аднаўлення. Бо гiсторыю чалавецтва рушыць наперад не аморфны дэтэрмiнiзм, але сузор’е суб’ектаў, ад чыiх свабодных дзеянняў залежыць сацыяльны парадак. Сацыяльныя iнстытуты не гарантуюць самi па сабе, заледзьве не механiчным чынам, агульнае дабро: “унутранае аднаўленне хрысцiянскага духа” павiнна папярэджваць намер палепшаць грамадства “згодна ў’яўленням Царквы, умацоўваючы ў iм справядлiвасць i сацыяльную мiласэрнасць”.
Ад навярнення сэрца паходзiць клопат аб iншым чалавеке, якога хрысцьянiн любiць як брата. Гэта забота адкрывае нам, што аздараўлiваць установы, структуры i ўмовы жыцця, якiя супярэчаць чалавечай годнасцi, - наш абавязак. Таму свецкiя вернiкi павiнны адначасова iмкнуцца да навярнення сэрца i да ўдасканалення структур, улiчваючы гiстарычную сiтуацыю i ўжываючы дапушчальныя сродкi для пабудовы сацыяльных iнстытутаў, якiя б сапраўды баранiлi i сцверджвалi чалавечую годнасць.
553 Сцверджанне чалавечай годнасцi мае на ўвазе, перад усiм, абвяшчэнне недатыкальнасцi права на жыццё, ад зачацця да смерцi, - гэта першае з усiх праў асобы, якое гэтыя правы абумоўлiвае. Акрамя таго, павага да годнасцi асобы патрабуе прызнаць рэлiгiйнае вымярэнне чалавека; гэта не “канфесыйнае патрабаванне: яно неадрыўна злучана з самой рэчаiснасцю чалавека”. Сапраўднае прызнанне права на свабоду сумлення i на рэлiгiйную свабоду – адна з найвышэйшых дабротаў i адзiн з найсур’ёзнейшых абавязкаў кожнага народа, якi сапраўды iмкнецца забяспечыць дабро асобы i грамадства.
У цяперашнiм культурным кантэксте выключна важнай робiцца задача баранiць шлюб i сямью; годна выконваць гэту задачу магчыма толькi пры ўпэўненасцi ў выключнай вартасцi i непадменнасцi гэтых iнстытутаў для аўтэнтычнага развiцця супольнага чалавечага iснавання.
2. Служэнне культуре
554 Культура павiнна быць першаснай сферай прысутнасцi i прыкладання намаганняў для Царквы i асобных хрысцiянаў. II Ватыканскi сабор акрэслiў разрыў памiж хрысцiянскай верай i штодзённым жыццём як адну з найсур’ёзных блытанiн нашага часу. Метафiзiчны далягляд не бачны; смутак па Богу страчаны ў самадастатковым нарцысцызме, сярод поўнi магчымасцяў карыстальнiцкага характара жыцця; на першы план выступаюць тэхналогiя i навуковыя даследваннi як уласная мэта; робiцца акцэнт на знешнем, на пошуке iмiджа, на камунiкацыйных тэхнiках – трэба зразумець гэтыя феномены ў iх культурных аспектах i злучыць з галоўнай тэмай для чалавечай асобы: тэмай яе цэласнага ўзрастання, здольнасцi да зносiнаў i ўстанаўленню адносiнаў з iншымi людьмi, трывалай зацiкаўленасцю вялiкiмi пытаннямi, якiмi напоўнена наша жыццё. Трэба мець на ўвазе, што “культура ёсць тое, дзякуючы чаму чалавек робiцца ў большай ступенi чалавекам, пераўзыходзiць сябе, больш поўна ставiцца да “быцця””.
555 Асаблiвая задача свецкiх вернiкаў – узрошчванне сацыяльнай i палiтычнай культуры, натхнёнай Эвангеллем. Нядаўняя гiсторыя прадэманстравала слабасць i поўны правал культурных перспектыў, якiя доўгi час былi распаўсюджаны i мелi верхавенства, перад усiм на сацыяльным i палiтычным узроўнях. У гэтай галiне, асаблiва ў дзясяцiгоддзi, пасля Другой сусветнай вайны, католiкi ў многiх краiнах зрабiлi шмат, што сведчыць – сёння з яшчэ большай яснасцю – аб сапраўднасцi духа, якi iх натхняе, i вартасцяў, якiя з’яўляюцца iх скарбам. Бо сацыяльная i палiтычная дзейнасць католiкаў нiколi не абмяжоўвалася пераробкай структур, таму што ў аснове гэтай дзейнасцi палягае культура, якая прыймае i выслухоўвае логiку веры i мралi, робячы iх фундаментам i мэтай канкрэтнага планавання. Калi зразуменне гэтага знiкае, тыя ж католiкi прыгаворваюць сябе на лёс культурнай дыяспары, прапануюць недастатковыя i абмежаваныя рэчы. У’явiць у сучасных культурных тэрмiнах скарб каталiцкага Падання, яго вартасцi, змест, усю духоўную, iнтэлектуальную i маральную спадчыну каталiцтва – першасная задача i сёння. Вера ў Езуса Хрыста, Якi сказаў аб Сабе: “Я ёсць шлях i iсцiна i жыццё” (Ян 14,6), узбуджае хрысцiянаў удзельнiчаць з трывала аднаўляемай руплiвасцю ў пабудове сацыяльнай i палiтычнай культуры, натхнёнай Эвангеллем.







All the contents on this site are copyrighted ©.