2008-07-05 09:26:19

Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус- працяг


Жонка Петруся таксама напісала Чэславу, i той ёй адказаў 23 сакавіка 1972 году: «Я не хачу ўводзіць маімі лістамі нязгоду між вамі. Аднак, я не хацеў бы, каб у некаторых далікатных справах, якія маюць дачыненьне да апініі блізкіх нам асобаў, Пятрусь дазваляў сабе на зьнявагу асобы, якую сам мне рэкамэндаваў. Калі мае з ёю нейкія непаразуменьні, хай палагоджвае з ёю сам, а не ўцягвае мяне... Я напісаў Пятрусю моцны ліст, але гэта не азначае, што не прабачу яму да сьмерці, ці нешта падобнае! Ён застаецца для мяне заўсёды братам, але я жадаў бы, каб ён быў больш удумлівы i каб лічыўся са словамі». Але гэта мала дапамагло. Пятрусь пісаў Чэславу 24 жніўня 1972 году: «Што хочаш, роб з ней (рабі зь ёй? – А.Н.), хоць уладыкай, але хай нашу сям’ю не паскудзіць... Прашу цябе, як брата, каб (Марыся – А.Н.) перастала брахаць на нас да іншых, бо маю 3 дзетак i цябе, “дзеяча”, які мне не ўлепшае шлях жыцьця». Марыя вярнулася дамоў улетку 1973 году. Перад тым, аднак, 22 лютага Чэслаў напісаў Петрусю з Рыму: «Атрымаў твой ліст акурат у Рыме (на жаль, ліст гэты не захаваўся. – А.Н.), прачытаў яго перад самай аўдыенцыяй у бацькі ўсіх хрысьціянаў, у якога зьбіраўся прасіць асабліва багаславенства для мамы, для ўсёй нашай сям’і. Пэўне ж, твой ліст гэты, як i папярэднія... ёсьць больш чым прыкрыя i ня ведаю, чаго ў ix больш, глупства, заздрасьці ці яшчэ чаго?.. Дарагі П(ятрусь), павага, розум самі не прыходзяць. Трэба над сабой працаваць. Калі мой брат сапраўды мяне кахае, дык ён павінен дапамагчы сваім найбліжэйшым добрым словам, цярплівасьцю, добрым прыкладам жыцьця. М(арыся) ёсьць для мяне дарагая, як i ты, бо яна ёсьць стрыечная сястра. Калі ты не жадаў, каб я падпісваўся на пачтоўках з ёю, дык я не жадаю мець перапіскі з табой, бо так, як ты напісаў, не адзін хіба афрыканскі дзікун не напіша. Ці ж ты маеш права кідаць каменем у кагось? Хто табе яго даў? Сяньня я меў вялікі дзень, o, i як жа мне сумна, што той, каторы здабыў крыху больш асьвету, студыяваў пэдагогіку, ня ўмее дайсьці да ладу са сваімі найбліжэйшымі... Што ж, хіба больш ня будзем адзін другому дакучаць сваёй пісанінай. Нашы шляхі даўным разышліся. Жадаю табе ўсяго найлепшага».
Сыны небагатай беларускай сялянскай сям’і, браты Чэслаў i Пятрусь, абодва здабылі вышэйшую адукацыю i правялі сваё дарослае жыцьцё за межамі Беларусі. Ha гэтым падабенства між імі сканчаецца. У 1934 годзе Чэслаў у веку 20 гадоў склаў законныя шлюбы. Ён зрабіў свой свабодны выбар i застаўся верным свайму сьвятарскаму i законнаму пакліканьню праз усё жыцьцё. У ягоным польскім вайсковым пасьведчаньні (якое ў Польшчы мусілі мець нават вольныя ад вайсковага абавязку сьвятары i законьнікі), выдадзеным у 1935 годзе, у рубрыцы “Narodowość” (нацыянальнасьць) значылася: “białoruska” (беларуская). Выселены сілаю зь Беларусі ў 1938 годзе, ён захаваў яе ў сэрцы на ўсё жыцьцё. Ягоная беларускасьць, побач зь сьвятарствам, была тым фактарам, безь якога нельга зразумець ягонае жыцьцё i дзейнасьць. Пятрусь таксама зрабіў свой выбар у веку 20 гадоў, калі ў 1944 годзе пайшоў добраахвотнікам у польскую Армію людову і такім чынам зьвязаў свой лёс з Польшчай. Ён ніколі не разумеў Чэслава. Прычыну сваіх цяжкасьцяў i прыкрасьцяў ён бачыў у беларускай дзейнасьці брата. Дапамогу, атрыманую ад яго, ён прымаў як належнае адшкадаваньне (“рэкампэнсату”). Спачатку Чэслаў стараўся не надаваць усяму гэтаму вялікай увагі. Ён, аднак, ня мог дазволіць, каб Пятрусь казаў яму, што рабіць, уцягваў яго ў свае асабістыя нелады i беспакарана зьневажаў іншых. Пастанова “не дакучаць адзін другому сваёй пісанінай” была адзіным спосабам, каб не дапусьціць поўнага разрыву. Пятрусь застаўся для Чэслава братам, за якога ён заўсёды маліўся. Аднак перапіска між імі на нейкі час амаль спынілася, хоць Пятрусь прысылаў часам паштоўкі з кароткімі весткамі. Толькі больш як праз год, 28 чэрвеня 1974 году, Чэслаў напісаў Петрусю: «Заўтра твае імяніны. Гэты ліст разам з найлепшымі пажаданьнямі атрымаеш крыху пазьней, але гэта ня значыць, што мае пажаданьні менш шчырыя. Помню аб табе, тваёй сям’і i аб усіх вас. Вашы адносіны з Марыяй пэўне ж мне не падабаюцца. Вы павінны адзін другога моцна i шчыра перапрасіць i жыць у згодзе. Усе мы языком грэшым, а ты асабліва. Чужым людзям аб сваіх гаварыць няпраўду – гэта грэх. A прынамсі мне ведамы такі адзін факт... Я выслаў у Дзедзінку да Мамы вялікую пачку... Каб ты быў больш акуратны, дарагі браток, дык шмат рэчаў праз цябе заладжваў бы i перасылаў бы грошы. На жаль, ня маю нават адвагі цябе прасіць i змушаны зьвяртацца да іншых. Помні: хто ёсьць верны ў малых справах, на таго можна палажыцца i ў вялікіх, a людзі нас хутка пазнаюць i ацэньваюць». Сьмерць мамы 26 кастрычніка на нейкі час зблізіла братоў.
Усе іншыя Сіповічы жылі ў Дзедзінцы. Янусь з сваёй сям’ёю меў асобную хату. Уладыка Чэслаў атрымаў ад ягонага найстарэйшага сына, якога звалі таксама Чэслаў, ліст, датаваны 28 сакавіка 1972 году. Малады Чэсь пісаў: «Добры дзень, дарагі дзядзя Чэсь. Я знаю цябе толька па фатаграфіі. Яшчэ мне расказваў пра цябе тата. Я жыву ў вёсцы Дзедзіна. Наша вёска ня вельмі вялікая. У 1971 годзе я закончыў Дзедзінскую васьмігадовую школу... Цяпер вучуся ў Малькаўскай сярэдняй школе. У мяне таксама ёсьць брат Францішак і дзьве сястрычкі, Дануся i Тарэса. Маці хварэе i ў калгас ня ходзіць. Зарабляе ў нас толькі тата... З татам я часта гуляю ў шахматы i ў шашкі. У хаце ў нас кожны дзень весела... Зіма ў нас гэты год амаль бяз сьнегу. Так што на лыжах паезьдзіць не прыйшлося... Мая сястра Дануся ходзіць у 5 клас Дзедзінскай васьмігадовай школы. Яна вельмі добра вучыцца. Брату майму 5 год. Меншай сястрычцы толькі 3 тыдні. Больш ня ведаю, што пісаць. Чысьцік – гэта балота каля нашай вёскі – асушаюць








All the contents on this site are copyrighted ©.