Кардынал Каспэр падкрэсьліў значэньне Году Сьвятога Паўла
28 чэрвеня 2008 г. у Рыме Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліць афіцыйнае адкрыццё года
святога Паўла. 22 чэрвеня бягучага года старшыня Папскай Рады садзейнічання хрысціянскаму
адзінству кардынал Вальтэр Каспер распачаў год святога Паўла ў турэцкім Тарсе — месцы
нараджэння Апостала Народаў.
Урачыстасць інаугурацыі года святога Паўла адбылася
ў святыні, пабудаванай у часы крыжовых паходаў, у будынку якой на сённяшні дзень знаходзіцца
музей. Кардынал Вальтэр Каспер у сваім інтэрв’ю для Радыё Ватыкана выказаў надзею,
што «турэцкія ўлады дадуць дазвол на будаўніцтва ў Тарсе касцёла, і шматлікія хрысціяне
прыбудуць у гэтым годзе ў Турцыю слядамі святога Паўла, несучы дапамогу сваім братам
у веры».
Старшыня Папскай Рады нагадаў, што Турцыя з’яўляецца «адной з калысак
хрысціянства», дзе жылі многія айцы Касцёла і адбываліся Саборы першых вякоў, падкрэсліўшы,
што «на тэрыторыі сучаснай Турцыі засталіся сляды вельмі багатай гісторыі хрысціянства».
На
пытанне пра значэнне юбілейнага года для экуменічнага дыялогу, кардынал Вальтэр Каспер
адказаў: «Святы Павел быў сведкам Езуса Хрыста і гэта мае асноўнае значэнне для ўсіх
Яго вучняў. Месцы, дзе ён навучаў, сёння звязаны з прысутнасцю праваслаўя: Турцыя,
Кіпр, Грэцыя. З іншага боку, яго пасланні, на думку пратэстантаў, з’яўляюцца стрыжнем
Новага Запавету. Навука Паўла пра апраўданне з’яўляецца супольнаю спадчынай галоўных
групаў хрысціянства і ўказвае нам сёння на цэнтр хрысціянскага паслання: на Езуса
Хрыста, Яго смерць і ўваскрасенне, навуку аб ласцы».