2008-06-28 08:34:03

Біскуп Чэслаў Сіповіч- Сьвятар і Беларус ( працяг)


Маці адчувала сябе ня вельмі ўтульна ў гасьцёх у Петруся. Недзе на пачатку кастрычніка Чэслаў атрымаў ад яе ліст, пісаны ейнай пляменьніцай Касяй: «Слава Icycy! Дарагі сынок! Яшчэ дасюль у Мрангове. Як доўга, ня ведаю, але ўжо сёньня гатовая ехаць, бо маю аж па самыя вушы гэтай гасьціннасьці... Я выяжджаю ў кастрычніку, калі зможаш нечым дапамагчы, то (шлі) на Дзедзінку, я падзялюся з сынамі, напэўна не пакрыўджу ix так, як гэта ўмее Пятрусь... Сынок, мусіць я ўжо не дачакаюся гэтага шчасьлівага дня, каб цябе пабачыць. Я ехала з той думкай, што пабачу цябе, але Бог мне таго ня даў. Ня ведаю сапраўды, ці Пётра вельмі хацеў, каб ты прыехаў, бо як я даведалася, за шмат мае грахоў за сабою, а не жадае, каб ты пра гэта даведаўся, хоча быць перад табою ў ясным сьвятле. Паказваў мне, што мае ад цябе; сынку, ён ня варты гэтага, але хай шчасьліва карыстае». Ліст быў пісаны па-польску, але маці падпісалася па-беларуску кірыліцай: “Твая мама”.
2 лютага 1969 году адбылася іншая тэлефонная гутарка: «Тэлефон з Польшчы ад маіх братоў Петруся i Вінцуся, які прыехаў з Беларусі, каб адведаць свайго брата. Петруся па голасе я пазнаў, але ніколі не пазнаў бы Вінцуся. Яго голас больш востры i мацнейшы, чымся Петруся, але прыемны. Ён мяне пытаў: скуль я гавару па радыё, бо яны мяне чуюць даволі часта? Адказаў: праз Ватыканскае. Мама i іншыя сваякі ў Дзедзінцы жывыя i здаровыя. Пераслаў прывет i багаславенства... З Вінцусём, маім наймалодшым братам, гутару пасьля больш 30 гадоў!»
Адносіны зь Петрусём, заўсёды нялёгкія, усё больш ускладняліся. Пасьля візыту ў 1961 годзе ён закідаў Чэслава рознымі просьбамі, якія той пры найлепшай волі ня мог выканаць. Нарэшце 17 сьнежня 1970 году ён напісаў Петрусю: «Атрымаў ад цябе лісты i ня ведаю добра, што на ix адказаць. Блізу кожны з ix з нейкімі прэтэнзіямі. Хачу табе сказаць i прашу сур’ёзна аб гэтым падумаць: калі я ўступіў у кляштар i калі там прынёс Богу абяцаньні ўбогасьці, паслушэнства i чыстасьці, дык я не зрабіў i ня мог зрабіць адначасова шлюбу дапамагаць маім родным. Сколькі мог i як мог я стараўся пры нагодзе дапамагчы. Сяньня я вельмі жадаў бы дапамагчы, але толькі маме i без ніякіх пасярэднікаў».
Пятрусь адказаў 3 студзеня 1971 году: «Мне ніколі ніхто не памагаў у час маіх навукаў у ўнівэрсытэце. A пазьнейшая твая помач, магчыма, што яна цябе шмат каштавала. Толькі ведай, дзякуючы тваёй дзейнасьці ніколі я ня мог ніякай пасады заняць, каб даць дзецям магчымасьць утрыманьня, бо ў нас такі абычай, i таму тваю помач лічыў як нейкую рэкампэнсату за ўсё прыкрае, што мяне з розных повадаў спатыкала. Праўда, ты складаў нейкія прысягі, але гэта не азначала, што твая палітычная дзейнасьць мела стацца адной з прычынаў нашага матэрыяльнага недамаганьня... Ведай, што мы будуем сацыялізм, а (не) нейкае духовае ідэальнае ў небе шчасьце. Да яго нам далёка, асабліва, калі трэба штодзённа дзеткам даць есьць... Ты сядзіш сярод людзей, якія толькі думаюць, як нас не дапусьціць да цябе, бо ніхто не паверыць, каб мы, як браты, не маглі спаткацца, і твае пісаньні аб афармленьні дакумэнтаў для мяне гэта басьня, якія нам тата баяў. Ня думай, што я вельмі жадаю пабываць у Лёндане, але з другога боку, калі цябе завуць уладыкай, дык дурнавата, калі праз 10 гадоў ты ані разу не хацеў запрасіць мяне. Магчыма мы дурныя, але ня ўсім можна басьні плясьці пра гэта».
У 1971 годзе ў школе-інтэрнаце сьв. Кірылы спатрэбілася гаспадыня. Чэслаў напісаў Петрусю, які тады жыў у горадзе Мрангова, i той параіў яму іхную стрыечную сястру Марыю Жвірблю, якая таксама жыла там. Мела яна прыблізна 50 гадоў; у яе былі тры дарослыя дачкі, адна зь якіх ужо выйшла замуж. Пішучы пра яе, Пятрусь у сваім лісьце за 17 красавіка 1971 году зрабіў дапіску: «Мне здаецца, што яна найахвотней прыехала б да цябе разам з маёй жонкай, або са мною. Самой было б цяжкавата». Тры дні пазьней, 20 красавіка, ён пісаў зноў: «Было б нядрэнна, каб ты пры нагодзе запрасіў таксама Ядзю (Петрусёвую жонку. – A. H.), была б яна хаця на некалькі дзён акрасай вашага дому, а пры гэтым пазнаў бы ты швагерку, якая хавае трое дзяцей». Марыя прыехала ў Лёндан адна... Яна была вельмі добрай гаспадыняй. Каб зрабіць прыемнасьць Петрусю, Чэслаў і Марыя выслалі яму супольна прывітальную картку. 17 сьнежня 1971 году Чэслаў атрымаў ад Петруся ліст, дзе той пісаў: «Вельмі цябе прашу, каб яна разам не падпісвала да нас картак, бо гэта для нас вельмі прыкра». Чэслаў адказаў 11 студзеня 1972 году: «Калі ты, даражэнькі браток, або ты i твая жонка, не жадаюць, каб я часам прысылаў супольныя адкрыткі падпісаныя мной i Марысяй, дык я ўважаю гэткае паступаньне за ганебнае і я да вас зусім ня буду пісаць, пакуль гэтага не адклічаце. Ты сяньня мне робіш заўвагу, што я не павінен падпісвацца з М(арысяй), а заўтра тое самае можа табе стрэліць у галаву, каб я не падпісваўся яшчэ з кім іншым. Ці ты падумаў, што ты напісаў?.. Марыся ня ёсьць нейкай праступніцай, каб яе подпіс мог каго зганьбіць... Ці гэта табе падабаецца, ці не, але зусім шчыра скажу: каб я мог бы, Марысю тут затрымаў бы назаўсёды. Якой яна паказала сябе дагэтуль, мы можам быць толькі гордыя з яе».
Пятрусь адпісаў 2 траўня: «Перапрашаю за пісьмо, але ты да мяне ня маеш часу ці да Януся напісаць, а мы, як цябе вучылі ў Друі, няраз не даядалі, але з бабай дык час маеш каб паехаць. Ты часу ня маеш, каб мяне запрасіць, але для сваёй кухаркі зрабіў бы ўсё, каб яна асталася. Яшчэ ў нашай сям’і не было, каб уладыка з пляменьніцай па гасьцях разьяжджаў і ўсялякія падаркі ёй даваў». Наступныя лісты былі яшчэ больш прыкрыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.