2008-06-25 14:46:29

У Камбоджы знайшлi ў рацэ Меконг статую Мацi Божай Лурдскай.


Рыбакам, якiя лавiлi рыбу ў глыбокiм i гразкiм месцы ракi Меконг, трапiла ў сецi статуя Лурдскай Мацi Божай, што знаходзiлася ў рацэ трыццаць тры гады.
Восем рыбакоў народнасцi кхам лавiлi рыбу каля Пном Пеня, насупраць каралеўскага палаца. Трапiўшая ў iхнiя сецi статуя Мадонны важыць 160 кiлаграмаў, яе вышыня – 1,5 метра. Яна была кiнута ў Меконг пад час рэжыма Чырвоных кхмераў.
Спачатку рыбакi не ведалi што iм рабiць са статуяй, а потым вырашылi прадаць яе за сем паўночнаамерыканскiх даляраў жыхарам адной з вёсак, якая знаходзiцца непадалёк ад Пном Пеня. Новыя ўладальнiкi меркавалi ўжыць статую Панны Марыi ў якасцi матэрыяла для хатнiх патрэбаў, але выпадкова аб знаходке даведалiся мясцовыя хрысцiяне, якiя прызналi ў ёй статую Мацi Божай Лурдскай i паведамiлi вяскоўцам аб яе важнасцi i каштоўнасцi. У вынiку статуя была перададзена за восем мяхоў рысу вернiкам парафii Ареаксат, касцёл якой прысвячаны Багародзiцы Мiру.
З гэтай нагоды была арганiзавана ўрачыстая працэсiя i цэлы шэраг святкаванняў. Навiна аб знаходке хутка разыйшлася па Пном Пеню i наваколлi, таму многiя вернiкi на працягу марыйнага месяца траўня наведвалi згаданы касцёл каб памалiцца каля статуi, ускласцi да яе кветкi i пакiнуць ахвяраваннi. Асаблiва многа пiлiгрымаў збiраецца ў нядзельныя днi. Яны з вялiкай пабожнасцю i натхненнем моляцца перад статуяй Беззаганай, якая атрымала назву “Меконгская Мацi Божая”. На сёняшнi момант дакладна яшчэ не вядома якiм чынам статуя трапiла ў раку. Пад час рэжыму Чырвоных кхмераў былi пашкоджаны цi ўвогуле знiшчаны многiя рэлiгiйныя будынкi, знойдзеную ж статую па-просту кiнулi ў Меконг.







All the contents on this site are copyrighted ©.