2008-06-21 15:03:05

Цытата дня: catholic.by
21 чэрвеня 2008 г. Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ цэлебраваў святую Імшу ў гродзенскай катэдральнай базыліцы Святога Францішка Ксавэрыя.


"Калі вы будзеце жыць Евангеллем, то зможаце таксама зрабіць значны ўнёсак у нацыянальнае і духоўнае адраджэнне ўмілаванага беларускага народа, надаючы ўпэўненасць і аптымізм сённяшнім намаганням, скіраваным на матэрыяльнае і маральнае аднаўленне вашай краіны. Няхай Пан Бог благаславіць вас і ўсю Беларусь"
Падчас сваёй гаміліі высокі госць заклікаў святароў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў захоўваць вернасць пакліканню да святарства і кансэкраванага жыцця. “ З самымі цёплымі пачуццямі я звяртаюся да вас, дарагія семінарысты. Ваш юнацкі запал, вашае імкненне да сапраўдных каштоўнасцяў і любоў да Хрыста — гэта сур’ёзная падстава для надзеі ўсяго Касцёла. Сур’ёзна і ўдумліва рыхтуйцеся да душпастырскага служэння, да якога вас кліча Пан Бог. Вучыцеся з адказнасцю і з паслухмянасцю, супрацоўнічайце з вашымі выхавацелямі, якіх я заклікаю з поўнаю самаадданасцю весці сваю далікатную выхаваўчую справу. Няхай вашым агульным клопатам будзе перадусім прысвячэнне як мага больш часу малітве па прыкладзе святога Луіджы Ганзагі. Толькі так вы зможаце стаць сапраўды Божымі людзьмі, закаханымі ў Евангелле і гатовымі ахвяраваць усім, нават жыццём, за Хрыста...
І нарэшце, sursum corda — угору сэрцы! Гэты заклік да надзеі, які часта любіў паўтараць Папа Ян Павел ІІ, я сёння скіроўваю да вас, дарагія браты ў біскупстве, дарагія святары, дарагія законнікі і законніцы, а таксама дарагія семінарысты. Ідзіце наперад вашым шляхам са спакоем і з даверам! Няхай вас вядзе па ім Марыя, першая Вучаніца Хрыста, «Каралева Апосталаў», Зорка новай евангелізацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.