2008-06-21 10:16:57

Беларусь і рымска-каталіцкая Царква будуць рыхтаваць да падпісання Пагадненне аб супрацоўніцтве. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка запрасіў Папу Бенедыкта 16-га наведаць Беларусь. Рымска-каталіцкая Царква ўсведамляе прызначэнне Беларусі як маста між Усходам і Захадам.


Такія асноўныя вынікі двухбаковых перамоваў дзяржсакратара Ватыкану з уладамі РБ . Дзякуй Богу, пра гэта паведамляюць СМІ Беларусі вельмі падрабязна і вы, паважаныя нашы слухачы, можыце ўсё пачытаць на свае вочы. Вечарам 20 чэрвеня 2008 г. Дзяржаўны сакратар Ватыкану і пасланец Папы Бэнэдыкта XVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ ў суправаджэнні герархаў Касцёла Беларусі прыбыў у пінскую катэдру Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе адбылося набажэнства ўрачыстых Нешпараў на лацінскай мове.Падчас Нешпараў кардынал Бэртонэ прамовіў казанне, у якім, між іншым, заклікаў святароў: «Народ Божы, які жыве тут, у Пінску, вам, дарагія святары, даручаны Хрыстом, Добрым Пастырам, які чакае, што вы будзеце клапаціцца пра яго гэтак жа, як і Ён сам, і з такою ж адданасцю. Таму будзьце палымянымі правадырамі, якія нясуць радасць, уласцівую тым, хто са шчыраю душою служыць Пану Богу».
Высокі госць наведаў пінскую Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя святога Тамаша Аквінскага, дзе сустрэўся з выкладчыкамі і навучэнцамі установы. Падчас сустрэчы паміж кардыналам і семінарыстамі быў наладжаны жывы дыялог: навучэнцы маглі задаваць пытанні, на якія госць з задавальненнем і гатоўнасцю адказваў. Дзяржаўны сакратар Ватыкану ўручыў канцлеру Пінскай дыяцэзіі і пробашчу пінскай катэдры кс. Станіславу Паўліне ордэн «Bene merenti» («За заслугі»). Высокі госць таксама падарыў пінскай катэдры рэліквар з гербам Пантыфіка і камплект арнатаў чатырох колераў, якія ўручыў Апостальскаму Адміністратару Пінскай дыяцэзіі кардыналу Казіміру Свёнтку.
20 чэрвеня 2008 г., Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў, што падчас сустрэчы Дзяржаўнага сакратара Cвятога Пасаду кардынала Тарчызіо Бэртонэ з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам было прынята рашэнне распачаць працу па падпісанні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь. Акрамя таго, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь перадаў Папу Рымскаму запрашэнне наведаць Беларусь. Падчас афіцыйнага снедання ў гонар высокага госця з Апостальскай Сталіцы Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь спадар Сяргей Мартынаў падарыў кардыналу Бэртонэ майку футбольнай зборнай РБ з нумарам «12» (які сімвалізуе месяц нараджэння кардынала — снежань) і надпісам «Bertone», бо вядома, што Яго Экселенцыя нават быў спартыўным телекаментатарам футбольных матчаў у Генуі, дзе перад заняццём высокага пасаду Дзяржсакратара шмат год займаўся душпастырсвам і выкладаў ва ўніверсітэтах, ён вітае спорт і стаўся па даручэнню Папы Бенедыкта 16 арганізатарам ватыканскай футбольнай каманды з семінарыстаў,студэнтаў каталіцкіх ВНУ Рыма і швейцарскіх гвардзейцаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.