2008-06-19 12:58:43

Кардынал Бэртонэ прыбыў у Беларусь


18 чэрвеня 2008 г., распачаўся візіт у Беларусь Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ. У 18.00 высокі госць прыбыў у Нацыянальны аэрапорт «Мінск». У аэрапорце Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці сустракалі: Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк, Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек МІС, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў спадар Гуляка Леанід Паўлавіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе спадар Алейнік Сяргей Фёдаравіч, кіраўнік Службы дзяржаўнага пратакола Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь спадар Барысевіч Мікалай Мікалаевіч, супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.


Прысутныя на цырымоніі сустрэчы высокага госця кіраўнік Службы дзяржаўнага пратакола Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Апостальскі Нунцый Дзяржавы Ватыкан у Рэспубліцы Беларусь падняліся па трапу, каб запрасіць Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці да выхаду. Дзве дзяўчыны ў нацыянальным адзенні паднеслі кардыналу Тарчызіо Бэртонэ хлеб-соль і ўручылі кветкі.
На распачацце свайго візіту ў Беларусь Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI звярнуўся з кароткай прамовай да ўдзельнікаў прывітальнай цырымоніі. Прапануем вашай увазе фрагмент гэтай прамовы.
«Я вельмі рады гэтаму візіту, вельмі рады такому сардэчнаму прыёму, — з такімі словамі звярнуўся Дзяржаўны сакратар Яго Святасці да ўдзельнікаў цырымоніі прывітання. — Я прывёз пасланне Папы Бэнэдыкта XVI (...). Падчас свайго візіту ў Беларусь я хацеў бы сустрэцца з іерархамі Каталіцкага Касцёла, іерархамі Праваслаўнай Царквы, з прадстаўнікамі беларускіх дзяржаўных уладаў, а таксама абмеркаваць пытанні супрацоўніцтва, пытанні, якія датычыць месца Беларусі ў міжнароднай супольнасці», — падкрэсліў кардынал Бэртонэ.










All the contents on this site are copyrighted ©.