15 чэрвеня 2008 г. у Канадзе распачаўся 49 Міжнародны эўхарыстычны кангрэс пад лозунгам
«Эўхарыстыя — Божы дар для жыцця свету». Кангрэс прымеркаваны таксама да святкавання
400-годдзя заснавання французскімі каланістамі горада Квэбек і 350-годдзя ўстанаўлення
ў ім найстарэйшай ў Паўночнай Амерыцы дыяцэзіі. Міжнародны эўхарыстычны кангрэс працягнецца
да 22 чэрвеня. Падчас святой Імшы, якая адбудзецца на заканчэньне Міжнароднага
эўхарыстычнага кангрэса, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI па сатэлітарнай сувязі злучыцца
з яго удзельнікамі і скажа казаньне. Месца правядзення сёлетняга Кангрэса
было выбрана яшчэ ў 2004 г. Янам Паўлам ІІ. Сёння Квэбек — гэта не толькі найстарэйшы
горад Паўночнай Амерыкі, але і найстарэйшаю біскупскаю сталіцаю. Дзеля гэтага Квэбек
называюць таксама сталіцаю Прымаса. Менавіта ў гэтым канадскім горадзе распачалася
евангелізацыя Паўночнай Амерыкі. Прымас Канады кардынал Марк Уэлле падкрэсліў, што
гэты Кангрэс — добрая магчымасць для Касцёла і грамадства, каб аднавіць сваё хрысціянскае
паходжанне.
Першы Міжнародны эўхарыстычна кангрэс праходзіў у Лілле (Францыя)
з 28 па 30 чэрвеня 1881 годзе. У Кангрэсе прымалі ўдзел каля 8 тысяч чалавек. Паводле
захаваўшыхся хронік у эўхарыстычнай працэсіі ўдзельнічала 4 тысячы мужчын, галоўным
чынам з Еўропы, абедзвюх Амерык і Азіі. Папа Леў ХІІІ падтрымаў ініцыятыву арганізацыі
кангрэсаў і заахвоціў практыкаваць іх і ў будучым. З таго часу ў Каталіцкім
Касцёле адбылося 48 Міжнародных эўхарыстычных кангрэсаў. Напачатку яны арганізоўваліся
кожны год, у міжваенны перыяд — праз кожныя два гады, а пасля Другой сусветнай вайны
— праз 4 або 5 гадоў. Апошні Кангрэс адбываўся з 10 па 17 кастрычніка 2004 года ў
Гуадалаяра, ў Мексіцы.