2008-06-16 16:01:00

Чарговыя старонкi з Кампендiума сацыяльнай дактрыны Царквы.


д) Суб’екты сацыяльнага пастырства
538 Царква, якая выконвае сваю мiсiю, - гэта ўвесь народ Божы. Усе структуры i ўсе члены народа Божага, згодна з дарам i формам служэння, якiя яны маюць па паклiканню, павiнны адпавядаць уласнаму абавязку абвяшчаць Эвангелле i сведчыць аб iм (пар. 1 Кар 9, 16), разумеючы, што мiсыя – задача для ўсiх хрысцiянаў”.
Да пастырскай дзейнасцi ў сацыяльнай галiне таксама заклiканы ўсе хрысцiяне: iм належыць рабiцца актыўнымi суб’ектамi сведчання аб сацыяльнай навуцы i ў поўнi ўключацца ў магутную традыцыю “плённай дзейнасцi мiл’ёнаў людзей, якiя iмкнулiся прыстасаваць сацыяльную навуку да сваёй дзейнасцi ў свеце”. Цяперашнiя хрысцiяне, калi дзейнiчаюць iндывiдуальна цi ў аб’яднаннi з iншымi, ствараюць асацыяцыi цi рухi, павiнны скласцi “вялiкi рух у абарону чалавечай асобы i яе годнасцi”.
539 У мясцовай Царкве галоўную адказнасць за выкананне пастырскага абавязка эвангелiзаваць сацыяльную адказнасць мае бiскуп, якому дапамагаюць святары, законнiкi i законнiцы, а таксама свецкiя вернiкi. Бiскуп заклiканы заахвочваць выкладанне i распаўсюджванне сацыяльнай навукi, з улiкам мясцовых асаблiвасцяў i абапiраючыся на адпаведныя структуры. Пастырская дзейнасць бiскупа павiнна быць сканцэтравана на служэннi святароў, якiя ўдзельнiчаюць у яго мiсii: вучаць, асвяшчаюць хрысцiянскую суполку i кiруюць ёй. Разпрацоўваючы належныя выхаваўчыя планы, святар павiнен выкладаць сацыяльную навуку i развiваць у членах сваёй суполкi ўсведамленне права i абавязка быць актыўнымi суб’ектамi гэтай навукi. Праз здзяйсненне таямнiцаў, у прыватнасцi Эўхарыстыi i Прымiрэння, святар дапамагае ўспрыняць сацыяльную адказнасць як плён Збаўчай Таямнiцы. Ён павiнен заахвочваць пастырскую дзейнасць у сацыяльнай галiне, выяўляючы асаблiвы клопат аб выхаваннi i духоўным суправаджэннi вернiкаў, якiя ўдзельнiчаюць у сацыяльным i палiтычным жыццi. Святар, якi здзяйсняе пастырскае служэнне ў розных царкоўных аб’яднаннях, асаблiва ў тых, што займаюцца сацыяльным апостальствам, абавязаны спрыяць iх узросту, выкладаючы неабходную iм сацыяльную навуку.
540 Пастырскую дзейнасць у сацыяльнай галiне здзяйсняюць – згодна з сваёй харызмай – i тыя, хто прысвяцiў сябе Богу. Iх святое сведчанне, асаблiва сярод тых, што ў глыбокай галечы, усiх заклiкае звярнуцца да вартасцяў святасцi. Поўная адданасць законнiкаў i законнiц робiцца для грамадства, што разважае над ёй, характэрным i прарочым знакам сацыяльнай навукi: у поўнi прысвяцiўшы сябе служэнню Таямнiцы любовi Хрыста да чалавека i мiра, законнiкi i законнiцы выяўляць у сваiм жыццi некаторыя рысы новага чалавецтва, якiя сацыяльная навука жадае стварыць. Тыя, хто прысвяцiў сябе Богу ў беззаганасцi, галечы i паслушэнстве, служаць пастырскай любовi, перад усiм, малiтвай, дзякуючы якой яны сузiраюць Божы сэнс аб мiры, моляць Пана, каб Ён кожнаму чалавеку адкрыў сэрца насустрач дару новай чалавечнасцi; гэты дар – кошт Хрыстовай ахвяры.

II Сацыяльная навука i адказнасць верных свецкiх
а) Верны свецкi
541 Iснуе характырыстыка свецкiх вернiкаў, якiя працуюць у вiнаграднiку Бога (пар. Мат 20, 1-16), - секулярная натура iх наследвання Хрысту – наследвання, якое рэалiзуецца ў свеце: “Задача свецкiх вернiкаў – наследуючы сваё паклiканне, маючы свецкiя справы i здзяйсняючы iх згодна з Богам, шукаць Каралеўства Божае”. Праз хрост свецкiя вернiкi аб’ядналiся з Хрыстом, далучылiся да Яго жыцця i мiсii, згодна сваёй асаблiвай iдэнтычнасцi: “Пад акрэсленнем “свецкiя вернiкi”… разумеюцца ўсе верныя Хрысту, акрамя святароў i тых, што належаць па статусу да законнiкаў i законнiц, якi зацверджаны Царквой, значыць гэта тыя асобы, якiя верныя Хрысту, бо наблiзiлiся да Яго праз Хрост i складаюць Народ Божы i, уласным чынам зрабiлiся ўдзельнiкамi святарскага, прароцкага i каралеўскага служэння Хрыста, згодна са станам кожнага з iх выконваюць мiсiю ўсяго хрысцiянскага народа ў Царкве i свеце”.
542 Iдэнтычнасць свецкага вернiка нараджаюць i наталяюць Таямнiцы: Хрост, Бiжмаванне i Эўхарыстыя. Хрост злучае з Езусам, Сынам Бога, Якi быў народжаны перад усякiм стварэннем i пасланы да ўсiх людзей як Настаўнiк i Адкупiцель. Бiжмаванне (цi Канфiрмацыя) робiць нас падобнымi на Езуса, Якi быў пасланы, каб ажывiць створаны свет i кожную iстоту ўплывам Святога Духа. Эўхарыстыя робiць вернiка ўдзельнiкам адзiнай i дасканалай ахвяры, якую Хрыстус прынёс Айцу, ва ўласным целе, дзеля збаўлення свету.
Свецкi вернiк – вучань Хрыста, пачынаючы з прыняцця Таямнiцаў, значыць згодна з тым, што Бог здзейснiў у iм калi зрабiў у iм выяву Уласнага Сына, Езуса Хрыста. З гэтага боскага дару Божай Ласкi, а не з чалавечых пажаданняў нараджаецца патройнае “munus” (дар i заданне), якiя акрэслiваюць свецкага вернiка як прарока, святара i караля, згодна яго свецкай асобе.







All the contents on this site are copyrighted ©.