2008-06-16 13:34:27

"Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


Айцец Сіповіч зрэагаваў на ліст Петруся ў адзіны магчымы спосаб: пакінуў яго без адказу. Перапіска між братамі на нейкі час спынілася. Нарэшце 14 ліпеня 1952 году Пятрусь раптам напісаў... па-беларуску: «Даўно ты да мяне не пісаў. Як на брата, то мог бы я пагневацца. Не атрымаў я ад цябе нават віншаваньняў у дзень Пятра i Паўла, ужо за намі. Браток, папраўся... Калі ты ад’яжджаў (з Друі. – А. Н.), дык я быў небальшым хлапцом i ня верыў, што ты паедзеш на так доўга... А сёньня ты ня хочаш нават напісаць да нас пісьма i да радных. Пішы сьмела. Добра ведаюць аб табе, што ёсьць за граніцай, бо пісаў ня раз, дык чаму цяпер ня хочаш? Рабі, што хочаш, толькі помні, што нам нельга забыць, што мы мужыкі i свой гонар маем». Зь лістом была віншавальная картка з нагоды імянінаў Чэслава; яна сканчалася наступнымі радкамі: «Люблю мой край i ycix радных, люблю я думаць аб сваіх, калі вярнуся я дамоў, колькі міне шэрых гадоў? Чаго сяджу я на чужыне?.. Чэсю – Пятрусь».
Такім чынам, спроба націснуць на Чэслава Сіповіча праз брата не ўдалася. Але прайшло яшчэ сем гадоў, пакуль Пятрусь напісаў 18 лістапада 1959 году: «Думаю, што ты ідзеш па добра вызначаным праз сябе шляху; няхай жа твой шлях будзе падобны да асфальтавых дарогаў, а не да нашых i польскіх трактаў».
Органы бясьпекі, не дасягнуўшы сваёй мэты, пакінулі Петруся ў спакоі. Ён меў нейкія цяжкасьці, але, здаецца, шмат не пацярпеў. Недзе ў 1957 годзе ён пераехаў у Беласток, там ажаніўся. Ягоная жонка Ядвіга, лекар па прафэсіі, пісала Чэславу 27 студзеня 1959 году: «Я пазнаёмілася з Пятром два гады таму назад... Ты павінен ведаць, што тады ён быў вялікай асобай, сакратаром ЦК Саюзу Сацыялістычнай Моладзі (польскі “камсамол”. – А.Н.), меў шмат грошай, жанчын i самаўпэўненасьці, a таксама вялікія пляны на будучыню. Мне каштавала шмат сілаў i здароўя, каб ён пакінуў стары “фільмова-фотарэпартэрскі” стыль жыцьця».
У лютым 1956 году ў Маскве адбыўся вядомы XX зьезд камуністычнай партыі Савецкага Саюзу, на якім Мікіта Хрушчоў першы раз публічна сказаў пра злачынствы Сталіна, памёрлага тры гады раней. Ніякіх вялікіх пераменаў у камуністычным рэжыме не адбылося, але адчулася некаторая палёгка. Пятрусь скарыстаў з гэтага i ў траўні паехаў у Беларусь у Дзедзінку адведаць бацькоў – яны ня бачыліся 12 гадоў. Вярнуўшыся, напісаў Чэславу 16 чэрвеня: «Янка ажаніўся, маець сына i жыве з жонкай асобна... Фэля жыве каля Мёр, бо вышла замуж. Замужжа яе вельмі няўдачнае. Маці жыве ў сваёй хаце з татам. Тата, калі я прыехаў, крыху палепшаў i хадзіў. Іграў са мною ў шашкі i кажу табе, браток, што абыгрываў мяне. Мама іграла ў дурака падкіднога таксама вельмі добра. Быў я ў Ідолце ў касьцеле. Маліліся Богу. Мшу адпраўляў табе вядомы з Варшавы Заяц». Пасьля другой паездкі ў ліпені ён пісаў зноў 23 кастрычніка: «Хачу сказаць, што ў Дзедзіне ўсе жывуць пака і чакаюць, калі ты прыедзеш у госьці. Тата вельмі хворы, ужо з ложка не ўстае. Мама сама ходзіць каля гаспадаркі. Я што мог то зрабіў, но думаю, брат, што i ты зьяўляешся сынам. Мне не хапае сіл усім больш памагаць, а яны ня маюць нават на хлеб, бо Вінцусь у войску, Янка жыве асобна, мае жонку i сына». Браты дамовіліся разам дапамагаць бацькам, прычым Чэслаў, каб не наклікаць на ix непатрэбныя прыкрасьці з боку ўладаў, рабіў гэта спачатку празь Петруся.
2 красавіка 1957 году Чэслаў атрымаў ад Петруся ліст, у якім той пісаў: «З болем у сэрцы табе хачу паведаміць, што наш найдаражэйшы тата ўжо ад нас адышоў. Памёр ён дня 13 сакавіка а гадз. 15 дня... Хавалі тату 16 сакавіка вечарам... Ha пахаваньні быў кс. Заяц з Ідолты... Я сваю схіляю галаву перад татай. Ён быў так вялікім сваёю працай i скромнасьцю, што сапраўды я яго буду ўсё жыцьцё помніць i сваёю працай буду старацца яму выставіць памятнік». Чэслаў адказаў 3 траўня: «Вестка пра сьмерць нашага таты ўскалыхнула мяне да глыбіні. Вельмі мне падабаліся твае словы пра яго: ён сапраўды быў вялікім чалавекам, i ня толькі працаю i скромнасьцю, але таксама разуменьнем патрэбы нашай адукацыі, пабожнасьцю i цярплівасьцю Ёва ў пераношаньні цярпеньняў. Ён ужо гадамі хварэў, i я памятаю прычыны ягоных хваробаў: перапрацаваньне. Я адслужыў сьвятую Імшу за ягоную душу i амаль штодня малюся за яго».
Сьмерць бацькі сталася для ўсёй сям’і балючай стратай, але не раптоўнай, бо ён доўга хварэў. Маці не засталася сама, бо Вінцусь вярнуўся з арміі i пасяліўся зь ёй у бацькоўскім доме. У канцы 1957 году Фэля, аўдавеўшы, таксама вярнулася дамоў. Вінцусь пайшоў працаваць у калгас, а мама з Фэляй займаліся гаспадаркай каля хаты. Спачатку даводзілася цяжкавата. 18 чэрвеня 1958 году Вінцусь пісаў Петрусю: «Час ідзе хутка i весела. Праўда, пакуль што цяжкавата, сам ведаеш, што я быў не на заработках». Фэля ў сваім лісьце апісала крыху іхную гаспадарку: «Маем карову, 5 авечак i сьвінаматку, якая апарасілася i мае 10 маленькіх парасятаў. Калі Вінцусь вярнуўся з арміі, мы купілі ровар. Маем крыху даўгоў. Ровар каштуе 650 рублёў, а парася 50 рублёў. Усе пчолы нашыя памерлі, нам даюць 90 рублёў за вулей, будзем прадаваць».








All the contents on this site are copyrighted ©.