2008-06-09 10:42:54

У Канадзе пройдзе 49 Мiжнародны эўхарыстычны кангрэс.


Маладыя канадскiя вернiкi рыхтуюцца да правядзення 49 Мiжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу. Кардынал Марк Улле i члены арганiзацыйнага камiтэта запрашаюць маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў прыняць удзел у кангрэсе, якi пройдзе з 15 да 22 чэрвеня бягучага года.
Пад час спаткання будуць рэалiзаваны шматлiкiя iнiцыятывы, сярод якiх “Абшара маладых”, малiтоўнае чуванне, “Дзень сямьi”, “Выходныя днi для падлеткаў” i iншыя. Праграма “Абшара маладых” разлiчана практычна на ўвесь тэрмiн правядзення Эўхарыстычнага кангрэсу, у яе рамках маладыя людзi будуць мець магчымасць пазнаёмiцца са сваiмi аднагодкамi з розных куткоў свету, засведчыць сваю веру i прыняць удзел у розных мерапрыемствах. Пад час спатканняў будуць абмеркаваны такiя актуальныя тэмы, як “Эвангелiзацыя пры пасрэднiцтве новых сродкаў камунiкацыi”, “Метро – праца – спаць… Езус?” i “Як жыць з верай у сучасным свеце”. Асобна будзе арганiзавана спатканне маладых сямейных пар i падлеткаў, пад час якога будуць абмеркаваны iх патрэбы i надзеi. “Дзень сямьi” будзе праведзены ў суботу 21 чэрвеня. У яго праграме – iнтэрактыўнае навучанне, супольныя абмеркаваннi праблемаў, Богаслужба.
Малiтоўнае чуванне таксама запланавана на 21 чэрвеня. Яно пройдзе ў так званым “Павiльоне моладзi”. У супольнай малiтве будуць удзельнiчаць каля 4.000 маладых вернiкаў ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Узначалiць чуванне кардынал Язэп Томко, спецыяльны пасланец Свяцейшага Айца Бенедыкта XVI°.
140 маладых людзей з розных краiнаў свету на працягу месяца будуць дапамагаць арганiзатарам Кангрэса ў працах па падрыхтоўцы, правядзенню i заканчэнню мерапрыемства. Жыць яны будуць у кляштары св.Дамiнiка. Гэтым маладым людзям будзе прадстаўлена магчымасць пазнаёмiцца з рознымi мясцовымi касцёламi i кляштарамi.







All the contents on this site are copyrighted ©.