2008-05-30 13:42:48

Дзень бацькі ў Гродзенскай дыяцэзыі


У нядзелю 1 чэрвеня 2008 г. мужчыны Гродзенскай дыяцэзіі здзейсняць пешую пілігрымку ў Капцёўку да касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Такім чынам будзе адзначаны Дзень бацькі, які традыцыйна святкуецца ў Гродзенскай дыяцэзіі ў першую нядзелю чэрвеня.
Раніцай мужчыны прымуць удзел у святой Імшы ў францішканскім касцёле ў Гродне, пасля чаго вырушаць у дарогу. Па прыбыцці на так званы пагорак надзеі, дзе іх з гарачым абедам сустрэне пробашч парафіі кс. канонік Лешэк Дамагала, вернікі разам памоляцца перад абразом Найсвяцейшай Панны Марыі (копіяй абраза Маці Божай у Чэнстахове), прымуць удзел у духоўнай канферэнцыі, а таксама ў набажэнстве Крыжовага шляху. У 15.00 адбудзецца ўрачыстая святая Імша, цэлебраваць якую будзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гэты дзень ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі падчас святых Імшаў святары і вернікі моляцца за бацькоў, сыноў, братоў, бо ад жыццёвай падставы кожнага мужчыны, ад якасці і глыбіні яго веры, ад прынцыпаў жыцця шмат у чым залежыць будучыня нашага грамадства.
Дарэчы, у першую нядзелю мая, у дыяцэзіяльны Дзень маці, у пілігрымку да Капцёўкі ішлі і жанчыны — сёлета іх было каля 600.
Паводле Catholic.by







All the contents on this site are copyrighted ©.