2008-05-23 12:38:22

Наш новы цыкл: Энцыкліка Папы Бэнэдыкта 16 "Спэ Сальві"


Энцыкліка



SPE SALVI
Святога Айца Бэнэдыкта XVI



да біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў,
кансэкраваных асобаў і да ўсіх свецкіх вернікаў
аб хрысціянскай надзеі





(пераклад Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі) Уводзіны
1. «SPE SALVI facti sumus (мы збаўлены праз надзею)», — кажа св. Павел Рымлянам і таксама нам (Рым 8, 24). Паводле хрысціянскай веры «адкупленне», або збаўленне, гэта не толькі звычайная падзея. Праз адкупленне мы атрымліваем надзею, праўдзівую надзею, моцай якой мы можам выйсці насустрач цяперашняму жыццю: сённяшняе жыццё, якое патрабуе вялікіх намаганняў, можна прыняць і пражыць толькі тады, калі яно вядзе да мэты і калі мы ўпэўнены ў гэтай мэце, калі гэтая мэта настолькі высокая, што апраўдвае цяжкі шлях. Тады адразу ўзнікае пытанне: што гэта за надзея, якая можа стаць доказам сцвярджэння, паводле якога, пачынаючы з яе і проста дзякуючы яе існаванню, мы адкуплены? І пра якую ўпэўненасць ідзе гаворка?
 
Вера — гэта надзея
2. Перш чым звярнуць увагу на хвалюючыя нас сёння пытанні, неабходна асабліва ўважліва прыслухацца да таго, што кажа пра надзею Святое Пісанне. «Надзея» з’яўляецца асноўным словам біблійнай веры, так што словы «вера» і «надзея» ў розных месцах здаюцца ўзаемазамяняльнымі. Так, у Пасланні да Габрэяў «паўната веры» (10, 22) цесна звязваецца з «непахісным вызнаннем надзеі» (10, 23). Таксама ў Першым пасланні св. апостала Пятра, калі хрысціяне заахвочваюцца да таго, каб быць гатовымі даць адказ пра logos — пра сэнс і падставу іх надзеі (пар. 3, 15), «надзея» і «вера» азначаюць адно і тое ж. Наколькі важным было ўсведамленне першымі хрысціянамі таго, што яны атрымалі ў дар праўдзівую надзею, відавочна таксама з параўнання хрысціянскага існавання з іхнім жыццём да прыняцця веры або з сітуацыяй вызнаўцаў іншых рэлігій. Св. Павел нагадвае Эфесцам, што да сустрэчы з Хрыстом яны «не мелі надзеі і былі без Бога ў гэтым свеце» (Эф 2, 12). Канешне, Езус добра ведаў, што ў іх былі свае багі і што яны вызнавалі сваю рэлігію; аднак наконт іх багоў нараджаліся сумненні і з іх супярэчлівых міфаў не вынікала ніякай надзеі. Хоць яны мелі багоў, аднак вялі «жыццё без Бога», таму знаходзіліся ў змрочным свеце, маючы перад сабой цьмяную будучыню. «In nihil ab nihilo quam cito recidimus (як хутка мы зноў трапляем з нічога ў нішто)»1 , — кажа эпітафія з таго часу. Гэтыя словы адкрыта і выразна паказваюць тое, што адзначае св. Павел. У тым жа сэнсе ён звяртаецца да Тэсаланікійцаў: паводзьце сябе так, «каб не тужылі вы, як і іншыя, хто не мае надзеі» (1 Тэс 4, 13). І ў гэтых словах выяўляецца асаблівая рыса хрысціянаў, а менавіта тое, што яны маюць будучыню: хоць яны не ведаюць падрабязнасцяў будучага часу, аднак у агульных рысах ведаюць, што жыццё не вяртаецца ў пустэчу. Толькі тады, калі ёсць упэўненасць у будучыні як у станоўчай рэчаіснасці, сучаснасць вартая таго, каб жыць. Такім чынам, можна сцвердзіць; хрысціянства гэта не толькі «добрая навіна» — пераказ таго, што дагэтуль было невядомым. Сучаснай мовай можна сказаць, што хрысціянская навіна не толькі «інфарматыўная», але і «творчая». Гэта азначае, што Евангелле не толькі перадае змест, які можна пазнаць, але з’яўляецца таксама пасланнем, якое стварае факты і перамяняе жыццё. Цьмяныя брамы часу, будучыні, адчыніліся насцеж. Хто мае надзею, жыве інакш, паколькі яму дадзена новае жыццё.
3. Аднак цяпер узнікае пытанне: у чым жа заключаецца гэтая надзея, якая сама па сабе з’яўляецца «адкупленнем»? Сутнасць адказу змяшчаецца ў словах Паслання да Эфесцаў, цытаванага вышэй. Да сустрэчы з Хрыстом Эфесцы былі пазбаўлены надзеі, паколькі «былі без Бога ў гэтым свеце». Мець магчымасць пазнаць Бога, праўдзівага Бога, — гэта тое ж, што і атрымаць надзею. Для нас, якія ўжо даўно жывём з хрысціянскім разуменнем Бога і прызвычаіліся да яго, надзея, якая вынікае з праўдзівай сустрэчы з гэтым Богам, стала тым, чаго мы як бы ўжо не заўважаем. Прыклад з жыцця адной святой нашага часу можа ў пэўнай ступені дапамагчы зразумець, што азначае ўпершыню і па-сапраўднаму сутрэцца з Богам. Маю на ўвазе Жазэфіну Бакіту, якую кананізаваў папа Ян Павел ІІ. Нарадзілася яна прыблізна ў 1869 годзе (сама не ведала дакладна дзень сваіх народзінаў) ў мястэчку Дарфур у Судане. У дзевяцігадовым узросце яе выкралі гандляры рабамі, якія жорстка яе збівалі і пяць разоў прадавалі на суданскіх нявольніцкіх рынках. Потым як нявольніца яна прыслужвала маці і жонцы аднаго генерала, дзе яе штодня білі да крыві; з гэтай прычыны яна ўсё жыццё насіла на сваім целе сорак чатыры шрамы. Нарэшце, у 1882 годзе Жазэфіна была куплена нейкім італьянскім гандляром для італьянскага консула Каліста Леньямі, які ў сувязі з наступленнем магдыстаў вярнуўся ў Італію. Там пасля тых жудасных «паноў», якім раней яна належала як уласнасць, Бакіта змагла пазнаць цалкам іншага «Пана», жывога Бога, Бога Езуса Хрыста, якога называла на венецыянскім дыялекце «Рaron» (Пан). Дагэтуль яна ведала толькі гаспадароў, якія пагарджалі ёй і прыгняталі яе або, у лепшым выпадку, лічылі яе карыснай служанкай. Цяпер жа яна пачула, што ёсць найвышэйшы «Рaron», які пераўзыходзіць ўсіх валадароў, Ён Пан ўсіх паноў; і гэты Пан добры, Ён — сама Дабрыня. Яна даведалася, што гэты Пан ведае таксама і яе, што Ён стварыў яе і, больш за тое, любіць яе. Яе любіць гэты найвышэйшы «Рaron», перад абліччам якога ўсе астатнія валадары — толькі мізэрныя слугі. Ён ведаў яе, любіў і чакаў. І яшчэ, гэты Пан сам прайшоў праз цярпенні бічавання і зараз чакаў яе «праваруч Бога Айца». Цяпер яна мела «надзею» — ужо не толькі кволую надзею знайсці менш жорсткіх гаспадароў, але вялікую надзею: я, нарэшце, адчуваю, што мяне любяць і, што б ні здарылася, гэтая Любоў мяне чакае. Таму маё жыццё добрае. Падмацаваная пазнаннем гэтай надзеі, яна адчувала сябе «адкупленай», больш не ўспрымала сябе як рабыню, а як свабодную дачку Божую. Яна разумела, што меў на ўвазе св. Павел, калі казаў Эфесцам, што яны дагэтуль былі без надзеі і без Бога ў гэтым свеце — без надзеі, таму што без Бога. Калі Бакіту хацелі вярнуць у Судан, яна адмовілася, не жадаючы зноў разлучацца са сваім «Рaron». 9 студзеня 1890 года яна прыняла хрост і канфірмацыю, а пасля — першую св. Камунію з рук венецыянскага патрыярха. 8 снежня 1896 года ў Вероне яна склала шлюбы ў Кангрэгацыі Сясцёр Канасіянак. З гэтага часу, побач з абавязкамі ў сакрыстыі і парт’еркі кляштара, у розных сваіх падарожжах па Італіі яна асабліва старалася заахвочваць да місіі: адчувала неабходнасць данесці да як мага большай колькасці людзей вызваленне, якое сама атрымала, сустрэўшы Бога Езуса Хрыста. Яна не магла захаваць для сябе надзею, якая нарадзілася ў ёй і адкупіла яе, бо гэтая надзея павінна была ахапіць як мага больш людзей, ахапіць усіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.