2008-05-17 09:56:22

"Біскуп Чэслаў Сіповіч: Сьвятар і Беларус"- працяг


Раздзел: Гісторыя адной сям’і
Уладыка Чэслаў пісаў 25 ліпеня 1963 году свайму брату Петрусю, які жыў у Польшчы: «Помню я аб усіх маіх родных, асабліва аб Маме, Фэлі, аб братох іншых. Малюся часта за ўсіх вас. Вы, аднак, павінны разумець, што той мой брат, тая мая сястра, хто спаўняе волю Айца нябеснага. Калісь, як спаткаемся ў небе, усе мы будзем родныя, бо ўсе мы дзеці аднаго Айца нябеснага».
У гэтых словах біскуп Сіповіч выказаў сутнасьць сваіх адносінаў з бацькамі i роднымі ў кантэксьце ўсеагульнага пакліканьня Божага ўсынаўленьня. Яны пераклікаюцца з словамі Хрыста: “Маці мая i браты мае ёсьць тыя, што слухаюць Слова Божае i спаўняюць яго”(Лк 8:21). Гэта ніякім чынам не выключае тых сыноўскіх i братніх пачуцьцяў, якія павінны існаваць у кожнай сям’і. Зь іншага боку, яны акрэсьліваюць пэўную мяжу таму, што адзін сямейнік можа патрабаваць ад другога. Згаданы вышэй ліст пісаўся неўзабаве пасьля таго, як Сіповіч стаў генэралам закону марыянаў. Пятрусь гэта зразумеў па-свойму i зьвярнуўся 4 жніўня да Ўладыкі Чэслава, каб той запрасіў яго i ягонага двохгадовага сына Артура ў Рым, бо «ён Цябе i Паўла VІ хацеў бы пабачыць». Адказ, пісаны 23 жніўня 1963 году, быў востры: «Не магу зразумець, як ты асьмельваешся прасіць ад мяне запросінаў цябе і Артура? Я ёсьць законьнік, а ня нейкі мільянер. Я не магу рабіць нейкіх дамоў для дзяцей. А такжа ня маю столькі грошы, каб цябе з хлопчыкам утрымаць у гатэлі. Ты ўсьцяж думаеш катэгорыямі сваімі собскімі аба мне так, як у нас думалі аб сьвятару ў Дзедзінцы: калі будзе ксяндзом, ён паможа ўсім – бацьком, дзядзьком i г. д. Калі ты выбраў такі, а ня іншы стан жыцьця, ты мусіш стаць на ногі сваімі собскімі рукамі i нагамі, a перадусім сваёй собскай галавой!»
Вінцэсь Сіповіч меў 35 гадоў, калі ў 1912 годзе ён ажаніўся з 22-гадовай Ядвігай Тычкай. У 1913 годзе ў ix нарадзілася дачка Алена. Яна i малодшая сястра Амэля памерлі, прастудзіўшыся пад час пажару ў Першую сусьветную вайну, калі ўся іхная вёска згарэла. Такім чынам, Чэслаў, які нарадзіўся 8 сьнежня 1914 году, застаўся найстарэйшым дзіцём у сям’і. У 1919 годзе нарадзіліся блізьняты, Францішак i Янка (Янусь), але выжыў толькі Янка. Пасьля таго, як Заходняя Беларусь апынулася ў межах польскай дзяржавы, у сям’і Сіповічаў прыбыла яшчэ трое: дачка Фэля (Фэліцыя) у 1922 годзе, сын Пятрусь у 1924 годзе і, нарэшце, Вінцусь у 1934 годзе. Бацькі ня мелі ніякай адукацыі. Паводле сьведчаньняў Чэслава i Петруся, бацька ведаў, апрача беларускай, расейскую мову, a маці магла размаўляць таксама па-польску. Аднак пісаць па-польску было ёй, відаць, цяжка. На некаторых лістох, што ў 1938–1939 гадох пісалі Чэславу ў Рым з дому па-польску сястра Фэля або брат Пятрусь, ёсьць кірылічныя ініцыялы “Я. С.” мамы або нават поўны подпіс вялікімі “друкаванымі” літарамі: “MAMA ЯДВИГА СИПОВИЧ”. Калі ў 1957 годзе Пятрусь з Польшчы напісаў дамоў ліст на польскай мове, яму адпісалі, каб надалей пісаў “па-руску”, бо бяз Фэлі, якая пайшла замуж у іншую вёску, не было каму чытаць па-польску.
Пастанова паслаць Чэслава ў гімназію, напэўна, далася бацьком нялёгка. Ад хлопца ў ягоным веку яны маглі чакаць дапамогі ў гаспадарцы. Урэшце, бацьку тады мала не хапала да 50 гадоў, a маці мела на руках трое малалетніх дзетак. Трэба было таксама знайсьці грошы, каб заплаціць за навуку i ўтрыманьне ў Друі. Марыяне давалі бацьком магчымасьць плаціць за навуку дзяцей замест грошай “натурай” (мукой, дрывамі i г.д.) або працай у кляштары. Невядома, які спосаб выбралі бацькі Чэслава. Мусіць, пакуль іншыя дзеці падрасталі, яны плацілі грашмі. Але прыходзілася нялёгка, бо грошай не ставала. Амаль праз трыццаць гадоў, 28 красавіка 1959 году, Чэслаў, тады ўжо сьвятар, пісаў сваёй старэнькай маці: «Я ніколі не забуду Тваёй любові да мяне... Помню такжа, як Ты на сваіх плячах нясла жывога барана 12 вёрст, каб яго прадаць i купіць тое, што нам было неабходнае i каб заплаціць за маю навуку».
Такім чынам, навука Чэслава каштавала ягоным бацьком вялікіх высілкаў. Для двох іншых дзяцей, Януся i Фэлі, відаць, не знайшлося сродкаў ды сілаў, i ім давялося задаволіцца пачатковай школай. У Польшчы існавала “двухпавярховая” сыстэма пачатковай адукацыі. Поўную – даволі грунтоўную – пачатковую адукацыю давала сямігадовая г. зв. “паўшэхная” школа. У многіх вёсках, аднак, існавалі толькі чатырохгадовыя школы, дзе дзеці атрымлівалі элемэнтарныя веды. Школы былі польскія, i таму беларускія дзеці, якія польскай мовы ня ведалі i ў штодзённым жыцьці ёю не карысталіся, скончыўшы навуку, хутка забывалі i тыя драбніцы, якіх там навучыліся. Так адбылося, здаецца, з братам Янусем, калі меркаваць паводле лістоў, што ён стараўся пісаць па-беларуску Чэславу ў Рым. Фэля, калі глядзець зноў па ейных лістох, атрымала крыху лепшую адукацыю, але польская школа зрабіла сваё, i яна пісала па-польску, хоць гэтая польская мова рабілася з кожным годам усё горшай.








All the contents on this site are copyrighted ©.