2008-05-12 13:56:31

Сасланьне Сьвятога Духа- сьвяткаваньні ў Ватыкане


У нядзелю 11-га мая ўшаноўвалася сьвята Сьвятой Тройцы. З гэтае нагоды Бэнэдыкт 16 раніцай, адслужыў Сьвятую Імшу ў Базыліцы Сьвятога Пятра. У сваім казаньні, ў часе Эўхарыстыі, Папа прыпомніў, што “Сасланьне Сьвятога Духа гэта сьвята пачаткаў Касьцёла, які не ўзьнік з чалавечае волі, але менавіта сілаю Сьвятога Духа. Яго дзеяньне ажывіла супольнасьць першых хрысьціян, абьядноўваючы яе ў адно і робячы здольнаю да абвяшчаньня Эвангэльля ўсяму сьвету.
RealAudioMP3
Касьцёл, які нараджаецца на Сьвята Сасланьня Сьвятога Духа, не ёсьць перад усім якоюсьці мясцоваю супольнасьцю, Ерусалімскім Касьцёлам але Касьцёлам Паўсюдным, які гаворыць мовамі ўсіх народаў. З яго ўзьнікнуць пазьней іншыя супольнасьці, ва ўсіх кутках сьвету, мясцовыя Касьцёлы, якія заўсёды будуць ажыцьцяўляць адзіны Касьцёл Хрыста. Далей Папа падкрэсьліў, што Дух Сьвяты зьяўляецца крыніцаю адзінства. Вядзе да яго цераз любоў і ўзаемнае адабрэньне таго, што разнароднае. Ён таксама зможа вызваліць чалавецтва “з пакусы пажаданьня ўлады, якая ўсё хоча зрабіць суцэльным і над усім панаваць.
Сьвяцейшы Айцец зноў прыпомніў, што разам з дарам Духа Сьвятога Хрыстос устанавіў Сакрамант Прымірэньня, надзяляючы Апосталам і іхнім наступнікам уладу адпусканьня грахоў. “Мір Хрыста пашыраецца выключна цераз адноўленае сэрца прыміраных людзей, якія сталіся слугамі справядлівасьці, гатовымі несьці сьвету мір толькі сілаю праўды, не ўваходзячы ў кампраміс з мэнтальнасьцю сьвету, таму што сьвет не ёсьць ў стане даць Хрыстовага міру: менавіта такім чынам Касьцёл можа быць рошчынаю прымірэньня, якое выплывае ад Бога.
Бэнэдыкт 16 закончыў казаньне малітваю за заступніцтва Божае Маці пра новае выліцьцё Сьвятога Духа на ўсе супольнасьці і кожнага хрысьціяніна.








All the contents on this site are copyrighted ©.