2008-05-06 12:13:49

Адкрыўся сайт літургічных перакладаў айца Надсана


А. Аляксандр Надсан - асоба шырока вядомая як ў Беларусі, так і па-за яе межамі. Працаўнік, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў самааддана служыць Беларусі як кіраўнік беларускае бібліятэкі імя Францішка Скарыны ды беларускае каталіцкае місіі ў Лёндане. Перакладчык літургічных тэкстаў візантыйска-славянскай хрысьціянскай традыцыі, агульнай як для праваслаўных, так і для грэка-каталікоў. Аўтар шматлікіх артыкулаў, кнігаў, казаньняў. Чалавек, годны таго, каб ягоная спадчына заняла сваё пачэснае месца сярод духоўных і культурных здабыткаў нашае Беларусі ды беларускае Царквы.
Менавіта для гэтага і быў створаны сайт "Часасловец", на якім зьбіраюцца ўсе працы а.Аляксандра, як і ўся інфармацыя аб ім. Біяграфіі і здымкі, гутаркі і дыскусіі, кнігі і артыкулы, ды ў першую чаргу - пераклады, якіх ужо зараз патрабуюць шматлікія вернікі на Бацькаўшчыне ды за яе мяжой.
Літургічныя пераклады а.Аляксандра, зьмешчаныя на сайце, зьяўляюцца афіцыйнымі багаслужбовымі тэкстамі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, таму яе вернікі могуць безпасрэдна ўжываць гэтыя тэксты для прыватных і адкрытых малітоўных сустрэчаў. Разам з тым гэты сайт робіць спробу сабраць у адным месцы і даць у адкрытым доступе матэрыялы па тэорыі перакладу багаслоўскіх тэкстаў на беларускую мову і ўсе беларускія біблійныя ды літургічныя пераклады, якія ўжо існуюць ці толькі ствараюцца, незважаючы на канфесійную ці абрадавую прыналежнасьць. Спадзяюся, што гэтая праца будзе запатрабаванай і прынясе свой плён у духоўным жыцьці кожнага з нас, а праз гэта – і нашае Бацькаўшчыны.







All the contents on this site are copyrighted ©.